17 верасня. Што святкуем?


У Беларусі новае дзяржаўнае свята – Дзень народнага адзінства, прызначаны Лукашэнкам. Дата 17-га верасня, якую абралі для святкавання, гісторыкам падаецца спрэчнаю. У гэты дзень у 1939 годзе савецкае войска ўварвалася ў Польшчу.

«Гэта па сутнасці дзень сталінскага злачынства, якое было здзейсненае супраць Польшчы, калі Савецкі Саюз пачаў гэтую акупацыю, пачаў Другую сусветную вайну. Не ведаю, якім трэба быць варʼятам, каб выбраць гэтую дату», – перакананы гісторык Зміцер Дрозд.

У выніку Другой сусветнай вайны і пасляваенных дамоваў да БССР далучылі Заходнюю Беларусь, і тэрытарыяльна краіна, падзеленая ў 1921-м годзе Рыжскаю дамоваю, сапраўды ўзʼядналася. Але для шматлікіх жыхароў заходняй часткі гэтае ўзʼяднанне зрабілася трагедыяй.«Якое гэта адзінства, калі сотні і тысячы чалавек падвяргаліся арыштам, калі мы ведаем, што былі здзейсненыя дэпартацыі 1940 года, калі быў расстрэл у Катыні?.. Хто з кім яднаўся?» – задаецца пытаннем Зміцер Дрозд.

Сённяшняя ўлада не лічыць сталінскія рэпрэсіі трагедыяй, і гэта адна з прычынаў, чаму абранне ўладамі ў якасці святочнай менавіта даты нападу на Польшчу журналіст Віталь Цыганкоў называе невыпадковым. Сярод іншых прычынаў – «больш простая, тактычная – лішні раз укалоць нелюбімых палякаў. Прызначыць так званае народнае свята на такі дзень, які, безумоўна, выкліча ў нашых заходніх суседзяў непаразуменне, выкліча негатыўную рэакцыю на вельмі спрэчную гістарычную дату».

Рэакцыя Польшчы сапраўды была негатыўнаю.

«Выкарыстанне ў якасці падставы гістарычнай палітыкі Беларусі наступстваў пакту Сталіна і Гітлера немагчыма зразумець. Гэты жэст упісваецца ў расейскія дзеянні, мэтай якіх з’яўляецца ўласная інтэрпрэтацыя вельмі складанай гісторыі нашага рэгіёну, і ён сур’ёзна ўскладніць Беларусі дыялог і зразуменне з суседнімі дзяржавамі, а таксама дзяржавамі ўсёй Еўропы», – гаворыцца ў заяве МЗС Польшчы ад 9 чэрвеня гэтага году.

Як спрэчнае ўспрымаюць прызначэнне Дня адзінства і ў самой Беларусі. І рэч не толькі ў даце. Лідары Саюзу палякаў, прадстаўнікоў адной з найбольш шматлікіх меншасцяў, утрымліваюцца за кратамі, музыкі трапляюць у чорныя спісы і не могуць выступаць у краіне, кнігі прызнаюцца экстрэмісцкімі, падручнікі перапісваюцца на патрэбы рэжыму, у дзяржаўных выданнях публікуюцца абразлівыя карыкатуры на прадстаўнікоў рэлігійнай супольнасці, а на кожнага, хто праявіў нязгоду, аказваецца ціск – гэта далёка не поўны пералік апошніх дзеянняў уладаў. Дый афіцыйная старонка Году адзінства ў нашай шматнацыянальнай краіне прадстаўленая толькі на адной мове.

«На сёння, пасля жніўня 2020 года, можна дастаткова ўпэўнена канстатаваць, што пры гэтай уладзе, пры тым, што яна нарабіла і падчас выбараў, і пасля за ўвесь гэты год, адзінства немагчымае. Значная частка грамадства не будзе ўспрымаць ніякіх крокаў гэтай улады, якімі б яны ні былі, а тым больш крокі супярэчлівыя і контраверсійныя», – лічыць Віталь Цыганкоў.

А дзеянні цяперашняй улады скіраваныя зусім не на аб’яднанне, а на захаванне сябе, мяркуе кіраўнік Фонду культурнай салідарнасці Сяргей Будкін:

«Яна разбурае ўсе інстытуты, грамадзянскую супольнасць, усе мінісупольнасці, лакальныя супольнасці і руйнуе ўсё, на чым гэта цывілізаванае грамадства, грамадзянская супольнасць можа стаяць. Застануцца толькі згодныя, запалоханыя, але гэта не адзінства, гэта аднолькавасць».

Дый сама канцэпцыя адзінства выглядае супярэчлівай, заўважаюць нашыя суразмоўцы. Адзінства патрэбнае толькі ў прызнанні базавых прынцыпаў існавання грамадства – незалежнасці, правоў чалавека, вяршэнства закону.

«Мы не павінны, канешне, быць аднолькавымі ў сваіх поглядах, гэта павінны быць шматстайнасць думак, цывілізаваная дыскусія, без ужывання сілы і гвалту. І я спадзяюся, што да гэтай кропкі беларусы дойдуць», – кажа Сяргей Будкін.

Калі ж для адзначэння адзінства патрэбная нейкая дата, то ў гісторыі Беларусі ёсць іншыя годныя дні, перакананы гісторык Зміцер Дрозд.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»