Ці зможа рэжым зарабіць на сельскай гаспадарцы?


У Беларусі ўпала вытворчасць малака, мяса і птушкі, сцвярджае афіцыйная статыстыка. Пры гэтым больш як палова дзяржаўных прадпрыемстваў сельскай гаспадаркі – стратныя. Нягледзячы на тое, што ў іх за дваццаць гадоў былі ўкладзеныя дзясяткі мільярдаў долараў. Аднак Аляксандр Лукашэнка разлічвае, што галіна можа зарабіць на росце сусветных цэнаў на харчы. І ў той самы час пужае магчымым голадам. Чаму ў сельскай гаспадарцы Беларусь адстае ад суседзяў? Ці пагражае беларусам рэальны голад? І ці здзейсняцца напалеонаўскія планы Лукашэнкі? 

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Выезды Аляксандра Лукашэнкі ў палі з раздачаю «каштоўных указанняў» мясцовым чыноўнікам сталі рэгулярным рытуалам. Але пры ўсёй увазе, якую самаабвешчаны кіраўнік надае сельскай гаспадарцы, вынікі яе працы выглядаюць сціпла. Так, сёлета знізілася вытворчасць мяса, хлеба і малака. Аднак Лукашэнка не губляе аптымізму.

«Для сельскай гаспадаркі надышоў залаты век. Сітуацыя цяпер складваецца такая, што нам трэба кроў з носа гэты і наступны год добра спрацаваць у сельскай гаспадарцы. Бо вашая прадукцыя, асабліва за межамі краіны, каштуе вялікіх грошай. Цэны на прадукты харчавання падскочылі неймаверна. Таму трэба ўмець узяць тое, што мы мусім», – заяўляе Аляксандр Лукашэнка.

Эканаміст Аляксей Харкевіч з пэўным скепсісам глядзіць на перспектывы беларускага гаспадарчага цуду.

«Мы – не настолькі сур’ёзны гулец на сельскагаспадарчым рынку. Гэта актуальна адносна Украіны, адносна Расеі. Але мы вельмі лакальны гулец. І дыктаваць нейкі ўзровень цэнаў вонкавым спажыўцам – гэта практычна нерэальна», – кажа Аляксей Харкевіч.

Суседняя Украіна сапраўды ў топе сусветных вытворцаў сельскагаспадарчай прадукцыі. Найперш – збожжа і алею. Прычына не толькі ў большых тэрыторыях, цяплейшым клімаце і лепшай глебе. Важна, што нашыя суседзі зрабілі крокі ў бок рынкавай эканомікі.

«Ва Украіне было праведзена больш рэформаў у сельскай гаспадарцы. У прыватнасці, прыйшоў замежны капітал, была масавая прыватызацыя калгасаў. Адпаведна гэта павысіла эфектыўнасць украінскай сельскай гаспадаркі», – тлумачыць Павел Мартышаў, даследчык з Кіеўскай школы эканомікі.

Беларускі рэжым жа – наадварот, зрабіў стаўку на буйныя дзяржаўныя гаспадаркі. У іх за гады кіравання Лукашэнкі было інвеставана больш за пяцьдзясят мільярдаў долараў. Што можна параўнаць з дзяржаўным бюджэтам Беларусі за дваццаць гадоў. На думку эканамістаў, адна з прычынаў правалу ў сельскай гаспадарцы – няўдалая кадравая палітыка.

«Туды прызначаюцца кіраваць людзі, у якіх асноўная якасць – лаяльнасць. І абы чаго не выйшла. І каб нічога не мянялася. Але ў сельскай гаспадарцы не можа 20 гадоў нічога не мяняцца. Бо тэхналогіі змяняюцца», – мяркуе прадстаўнік «Асацыяцыі беларускага бізнесу за мяжой» Яраслаў Кот.

Такія кіраўнікі дбаюць не столькі пра эфектыўнасць працы, колькі пра прыгожую «карцінку» ды выкананне – хай сабе й на паперы – прагнозных паказнікаў.

«Быў такі бізнес у Беларусі, калі людзі гадавалі кароваў, каб здаваць у арэнду сельгаспрадпрыемствам, у якія едзе праверка. То бок практычна паказвалі адных і тых самых кароваў», – распавядае Яраслаў Кот.

Раней калгасы лічыліся калектыўнай уласнасцю працаўнікоў. Але з прыходам да ўлады Лукашэнкі яны сталі цалкам належаць дзяржаве. Утварыўся велічэзны сельскагаспадарчы кангламерат, аналагаў якому ў свеце сапраўды няма – тлумачыць эканаміст Аляксей Харкевіч. Таму параўнанне беларускай сельскагаспадарчай мадэлі з іншымі краінамі не зусім карэктнае. Пры такой сістэме з голаду беларусы, вядома ж, не памруць. Але і прагрэсу чакаць не выпадае, мяркуюць нашыя эксперты.

«Як любы вялікі кангламерат, ён непаваротлівы, ён не можа забяспечыць такой разнастайнасці, як дробныя гаспадаркі, кожная з якіх спецыялізуецца на сваім кірунку», – кажа Аляксей Харкевіч.

Нават калі зусім спыняцца пастаўкі імпартных прадуктаў – у тым ліку з Расеі – беларусы галоднымі не застануцца. Але пагоршыцца якасць харчавання: яно будзе больш аднастайным.

Валянцін Васіленка, «Белсат»