Масавая эвакуацыя з Кабулу, захопленага талібамі


Лётнішча Кабулу – адзінае месца ў сталіцы Афганістану, якое кантралююць войскі заходняй кааліцыі. Тысячы людзей рухаюцца да яго з надзеяй пакінуць краіну, захопленую талібамі.

Сёння аэрапорт аднавіў эвакуацыйныя рэйсы, спыненыя раней праз наплыў людзей на ўзлётнай паласе. Два самалёты ў Кабул выслала Польшча. ЗША, Вялікая Брытанія, Францыя ды іншыя краіны вывозяць з Кабулу сваіх грамадзянаў і афганцаў, якія з імі супрацоўнічалі.

«Сітуацыя трохі сцішылася, што дазваляе нам павялічыць колькасць рэйсаў, колькасць эвакуяваных людзей. Мы чакаем, што 350 брытанскіх грамадзянаў, афганскіх перакладчыкаў ды іншых работнікаў пакінуць краіну за бліжэйшыя 24 гадзіны. Калі сітуацыя стабілізуецца, лік значна павялічацца», – кажа Міністр Замежных справаў Вялікай Брытаніі Домінік Рааб.

У Кабуле тым часам зноў адчыніліся крамы і аптэкі. Каля дзяржаўных будынкаў талібы змясцілі свае патрулі.

«Мы хочам, каб людзі выйшлі на свае працоўныя месцы. Ісламскі эмірат ня будзе ствараць ім праблемаў. Народ не павінен баяцца маджахедаў Ісламскага эмірату Афганістану, бо мы самі з народу», – абяцае баявік руху «Талібан».

Талібы абвесцілі амністыю ўсім чыноўнікам і заклікалі іх вярнуцца на працу. Кіраўнік культурніцкай камісіі «Талібану» заявіў, што жанчынам адвядуць ролю ў дзяржаўнай сістэме, «згодна з законамі шарыяту». У барацьбітоў за правы жанчын гэтыя заявы ня выклікалі даверу.

«Шмат жанчын памятае, што адбывалася ў 1996-ым–2001-ым гадах, яны баяцца за сваю бяспеку, за свае правы, за магчымасць хадзіць у школу. Мы ўжо бачылі паведамленні, што шмат каго з дзяўчат ужо адлічылі з універсітэту. На тэрыторыях, падкантрольных талібам, ім прапануюць выходзіць замуж у 12–15 гадоў», – мяркуе праваабаронца, нобэлеўская лаўрыятка Малала Юсафзай.

Сярод уцекачоў, якія намагаюцца з’ехаць з Кабулу, – дзяўчаты першай афганскай жаночай каманды па робататэхніцы. Даць ім прытулак разам з 20-цю тысячамі ўцекачоў абяцае Канада. Тых, хто супрацоўнічаў з замежнікамі, талібы шукаюць па дамах – кажуць уцекачы.

«Тое, што талібы кажуць для СМІ, – паказуха. І хутка свет пабачыць праўду. Яны забяруць маіх братоў, сілаю выдадуць маю сястру замуж за аднаго з іх. Што мне застанецца зрабіць? Альбо паехаць біцца з імі, альбо ўчыніць самагубства», – кажа былы перакладчык Мохлес.

Пад пагрозаю – жыцці дзясяткаў тысяч работнікаў міжнародных арганізацыяў, заявіла сёння Управа ААН у справе правоў чалавека.

«Сёння раніцай у двух нашых рэгіянальных офісах мы спаткаліся з прадстаўнікамі нядаўна створанай «Талібанам» Камісіяй у справах непраўрадавых арганізацыяў. Пасля гэтай сустрэчы мы настроеныя вельмі аптымістычна, але час пакажа», – кажа прадстаўнік Юнісэф у Афганістане Мастафа Бэн Мэсауд.

Пазітыўныя сігналы ад «Талібану» заўважыў і міністр замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў.

«Тое, што цяпер талібы ў Кабуле дэкларуюць, і на практыцы даказвае гатовасць паважаць чужое меркаванне, я лічу гэта пазітыўным сігналам. Яны, у прыватнасці, сказалі, што гатовыя абмяркоўваць урад, у якім будуць браць удзел ня толькі яны, але і іншыя афганскія прадстаўнікі», – кажа Міністр Замежных Справаў Расеі Сяргей Лаўроў.

Напярэдадні ён абмеркаваў сітуацыю са сваім кітайскім калегам Ўан І. Пекін і Масква разам збіраюцца пераканаць талібаў не спрачацца з суседзямі ды не даваць прытулку міжнародным тэрарыстам, як гэта было чвэрць стагоддзя таму.

Сённяшняе ўзбраенне талібаў значна лепшае. У іхным распараджэнні – усе арсеналы войска ЗША, у якое краіна за гэты час інвеставала 83 мільярды долараў.

«Палітычныя лідары Афганістану здаліся і ўцяклі з краіны. Афганскае войска развалілася, часам нават і не намагалася біцца. Падзеі мінулага тыдня пацвердзілі: спыненне цяпер удзелу вайскоўцаў ЗША ў Афганістане было слушным рашэннем. Амерыканскія войскі ня могуць і не павінныя браць удзелу ў вайне і гінуць у вайне, у якой афганскія сілы не жадаюць ваяваць самі за сябе», – прамовіў прэзідэнт ЗША Джо Байдэн.

Паводле Байдэна, Амерыка дасягнула мэтаў, што паставіла перад сабою 20 гадоў таму. Яна знішчыла арганізатараў тэракту 11-га верасня і зрабіла немагчымым выкарыстоўванне Афганістану ў якасці базы міжнародных тэрарыстаў.

Міністры замежных справаў Еўразвязу тым часам ладзяць экстранныя перамовы, каб ацаніць магчымы эмігранцкі крызіс. На дапамогу ўцекачам з Афганістану прэзідэнт ЗША ўжо распарадзіўся выдаць 500 мільёнаў долараў.

Аляксандр Папко, Надзея Бельская, «Белсат»