Гадавіна спробы страйку на буйных заводах


Роўна год таму на буйных заводах і прадпрыемствах Беларусі выбухнулі масавыя забастоўкі.

Год таму Аляксандр Лукашэнка ўпершыню ў твар пачуў «Сыходзь!» ад рабочых, на падтрыманне якіх разлічваў. Не толькі на заводзе колавых цягачоў, куды ён прыехаў, але і на шэрагу іншых буйных прадпрыемстваў краіны 17-га жніўня адбыліся спробы пачаць усеагульны страйк, натхнёны масавай акцыяй у Менску напярэдадні.

«Патрабаванні палітычныя, то бок адмена вынікаў выбараў, спыніць гвалт у адносінах людзей, якія выходзілі бараніць сваю грамадзянскую пазіцыю, правесці новыя сумленныя выбары», – пералічвае адзін з удзельнікаў страйку на менскім маторным заводзе.

На прадпрыемствах пачалі стварацца страйкавыя камітэты, працаўнікі спынялі працу і спрабавалі калонамі ў працоўнай вопратцы выйсці ў горад. У калоне Менскага трактарнага заводу ішлі не менш за чатыры тысячы чалавек, згадвае былая працаўніца прадпрыемства, удзельніца страйку Ульяна Гарбачова:

«Мы клікалі людзей з МЗКЦ, іх не выпусцілі ніяк, мы пайшлі на МАЗ, там таксама не выпускалі, але калі яны пачалі скакаць праз турнікеты – паглядзелі, што нічога зрабіць не могуць, і выпусцілі. Мы забралі МАЗ і ўсе разам пайшлі да Маторнага заводу, а адтуль усе разам вялізнаю калонай пайшлі падтрымліваць БТ – яны тады таксама баставалі».

У Белтэлерадыёкампаніі 17-га жніўня страйк таксама быў масавым.

«У першыя дні забастоўкі на Белтэлерадыёкампаніі кіраўніцтва пайшло на перамовы, і ім афіцыйна ўручылі подпісы пад адкрытым лістом, яны размаўлялі, яны спрабавалі пераконваць, але размова была. Яны не проста праігнаравалі», – кажа былая працаўніца Белтэлерадыёкампаніі Каця Пытлева.

Страйкавалі і буйныя прамысловыя прадпрыемствы па-за Менскам, а «Беларуськалій» і Беларускі металургічны завод на нейкі час цалкам спынялі працу. Але агульнай поўнамаштабнай забастоўкі на прадпрыемствах Беларусі не атрымалася. Рознымі спосабамі адміністрацыі і праўладныя прафзвязы ўздзейнічалі на людзей: запалохвалі, падкуплялі ці проста звальнялі.

«18-га прыйшла папера з міністэрства, у якой патрабавалася пачынаць душыць забастовачны рух, і з таго часу па ўсіх начальніках цэхаў была запушчаная папера, каб яны выходзілі размаўляць з людзьмі і пазбаўляць нейкіх кампенсацыяў, прэміяў», – кажа ўдзельнік страйку на менскім маторным заводзе.

На трактарным заводзе ахвотным страйкаваць кіраўніцтва прапанавала напісаць заяву на тры дні за свой кошт і заблакавала іхныя пропускі, згадвае Ульяна Гарбачова:

«Нас з заводу прыбралі. І нас пакуль не было, астатніх, хто быў там, можа, менш смелых – іх канчаткова ўдалося запалохаць. Былі сходы, маўляў, не дай бог падымецеся – адразу звольнім».

У той жа дзень, 17-га жніўня, Следчы камітэт распачаў крымінальную справу аб масавых беспарадках у краіне. Шмат якія ўдзельнікі страйкаў пад пагрозаю рэпрэсіяў мусілі звольніцца і нават з’ехаць з краіны, а некаторыя апынуліся ў турме. Ціск на нязгодных працягваецца.

«Больш за тое, нядаўна нават з’явіліся спісы тых, хто ўдзельнічаў у страйку ці сышоў праз грамадзянскую пазіцыю, каб іх нідзе не бралі на працу», – адзначае Каця Пытлева.

«Працягваецца ціск на незалежны прафсаюз. Людзей выклікаюць па адным у службу бяспекі заводу, з імі працуюць начальнікі ідэалогіі», – распавядае былы дыспетчар «Нафтану» Дзяніс Абрамовіч.

Сярод прычынаў, чаму не ўдалося зладзіць агульнанацыянальнага страйку, удзельнікі стачкамаў называюць страх у людзей і адсутнасць досведу ў арганізатараў.

«Людзі на эмоцыях выйшлі, абуджаныя вынікам выбараў і гвалтам на вуліцах, але не былі ніяк зарганізаваныя, і іх страхі пачалі вылазіць з іх, калі маршы станавіліся меншымі паводле колькасці» – лічыць старшыня стачкаму «Гродно Азот» Юрый Гаравы.

Але справа не завершаная, падкрэсліваюць нашыя суразмоўцы, бо і праца ў калектывах працягваецца, і жаданне пераменаў у беларусаў не знікла.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»