Запрацаваў Музей Вольнай Беларусі. Пакуль не ў Беларусі


Гумовая куля, лісты палітвязням, дакументы беларускіх дэмакратычных сілаў – запрацаваў Музей Вольнай Беларусі. Праўда, пакуль не ў Беларусі, а ў Варшаве. Гэта не тыповы музей са стэлажамі ды сталай экспазіцыяй – пакуль толькі частка музейнай прасторы аддадзеная пад прысвечаную беларускаму супраціву калекцыю. Сёння гэта перадусім культурніцкая прастора або, паводле арганізатараў, «месца вольных беларусаў». Калекцыя Вольнай Беларусі тым часам збіраецца, а спрычыніцца да яе стварэння можа кожны.

Проста ў цэнтры Варшавы выстаўленая частка калекцыі, якая распавядае гісторыю барацьбы беларусаў за дэмакратычную Беларусь. Тут адкрыўся Музей Вольнай Беларусі. Ідэя стварэння ўзнікла ў Народным антыкрызісным упраўленні – каб захаваць усё тое, што можа сведчыць пра беларускі супраціў.

«Мы ўсе памятаем, колькі ў 2020 годзе было створана менавіта людзьмі, асобамі, чалавекам, які выходзіў на пратэст, які ў нейкім сэнсе дэманстраваў сваё мастацтва, сваю культуру, сваё стаўленне да таго, што адбываецца ў дзяржаве», – кажа кіраўнік НАУ Павел Латушка.

Сярод экспанатаў – гумовая куля, што параніла аднаго з пратэстоўцаў у ноч пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. Або вясельная сукенка з чырвонай паласой так званай БЧБ-нявесты Іны Зайцавай, у якой дзяўчына выходзіла на пратэсты. Або сцяг з імёнамі палітвязняў, які стварыла актывістка Марыя Грыц. Таксама – лісты палітвязняў, кнігі, календары, налепкі ды значкі.

«Гэта не толькі творы мастацтва, хаця творы мастацтва мастакі нам прапануюць, і такіх выпадкаў не адзін і не два – іх шмат, – расказвае куратарка Музею Вольнай Беларусі і адказная ў сацыяльна-культурных пытаннях НАУ Наталля Задзяркоўская. – Гэта яшчэ асабістыя рэчы ўдзельнікаў пратэстаў, гэта папяровыя дакументы, якія падпісваюць, нават сёння, дэмакратычныя сілы, і мы разумеем, што з цягам часу – гэта будуць сапраўдныя гістарычныя артэфакты».

Калекцыя Музею Вольнай Беларусі пакуль што ўтрымлівае некалькі дзясяткаў экспанатаў. Два з іх былі ўручаныя проста на адкрыцці: кікбаксёр Іван Ганін падарыў музею свой срэбны медаль з чэмпіянату свету. Пэўны час таму медаль прадалі на аўкцыёне, але пакупнік з салідарнасці пакінуў свой набытак Івану. А Міхаіл Залеўскі, таксама прадстаўнік Беларускага фонду спартовай салідарнасці, перадаў у дар адмысловую футболку.

Ён патлумачыў замысел: «Гэты экспанат, знаходзячыся ў музеі, у Варшаве, будзе даваць магчымасць беларускім свабодным спартоўцам, якіх, як і многіх беларусаў, раскідала па свеце, прыязджаць у Варшаву, наведваць музей і пакідаць свой аўтограф».

Новая пляцоўка мае стаць не звычайным музеем са стэлажамі ды сталай калекцыяй, а, як кажуць арганізатары, «месцам вольных беларусаў». Тут будуць праходзіць выставы, канцэрты і майстар-класы. Калекцыя тым часам будзе пашырацца, у тым ліку храналагічна, каб расказваць пра супраціў, які пачаўся ў 90-х. Прапанаваць экспанат у музей можа кожны.

«Нам усё цікава, – запрашае Наталля Задзяркоўская. – Калі гэтая рэч пабывала з вамі на пратэсце, калі з ёй звязаная вашая асабістая гісторыя, гэта цікава. Гэта сёння падаецца: што такога, прывезці з хаты нейкую налепку. Але калі за гэтай налепкай цэлая гісторыя, як ты хацеў яе павесіць ці, наадварот, адлепліваў, каб не знялі, гэта ўжо прадмет музейнага значэння».

У будучыні гэтае «месца вольных беларусаў» мусіць стаць сапраўдным музеем – у Вольнай Беларусі.

Ірэна Кацяловіч, «Белсат»