Ці эфектыўныя санкцыі?


Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка заклікаў Еўразвяз прыняць супраць беларускага рэжыму праваабарончы пакет санкцыяў пад назваю «За Кацярыну Андрэеву». Ці падтрымаюць ідэю еўрапейскія палітыкі, пакуль невядома. А вось сёмы пакет санкцыяў Еўразвязу супраць рэжымаў Лукашэнкі ды Пуціна ўжо рыхтуецца. Але ці паўплываюць абмежаванні на дыктатараў? І ці не пойдуць заходнія палітыкі на саступкі Расеі?

Праваабарончы пакет санкцыяў супраць беларускага рэжыму пад назваю «За Кацярыну Андрэеву» прапанаваў увесці Бруселю палітык Павел Латушка. Журналістку «Белсату» днямі асудзілі на чарговы тэрмін, гэтым разам – восем гадоў турмы.

«Варта паказаць усім гэтым суддзям, пракурорам, што ўсё сваё жыццё яны будуць пад пагрозай пакарання. Крымінальнага пакарання, санкцыйнага пакарання. Што яны не змогуць ездзіць нікуды ў свеце – ну, няхай можа ездзяць у Турцыю ці нейкія далёкія краіны – але ў Еўропу яны больш не змогуць паехаць. Трэба караць», – кажа Павел Латушка.

Эфектыўным сродкам ціску Павел Латушка лічыць і эканамічныя санкцыі.

«Санкцыі – гэта адказнасць, з аднаго боку. З іншага – гэта прымус прыпыніць тую антыгуманную, супрацьзаконную дзейнасць, якую праводзіць рэжым Лукашэнкі супольна з Пуціным, Расеяй супраць Украіны, а ў Беларусі – у адносінах беларускага грамадства», – сцвярджае кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення.

Што да эфектыўнасці, у Еўразвязе адзінай думкі няма.

«Рыхтуецца сёмы пакет санкцыяў. Якая розніца? На цяперашні момант Еўразвяз накіраваў у Расею ў геаметрычнай прагрэсіі болей грошай за нафту, газ і вугаль, чым Украіне ў якасці дапамогі. Цэны на нафту растуць. Рубель памацнеў. Некаторыя па-ранейшаму занепакоеныя «правакацыйнымі» абмежаваннямі. Сумна», – напісаў у сацсетках экс-міністр замежных справаў Літвы Лінас Лінкявічус.

«Цяпер, калі вайна зацягваецца, а кошт энерганосьбітаў расце, у Еўропе і іншых краінах пытаюць, ці дзейнічаюць гэтыя санкцыі і/або пабочныя эфекты занадта вялікія. Не недаацэньваючы розныя праблемы, якія могуць узнікнуць, разам са спробамі іх абысці, санкцыі застаюцца важным інструментам палітычных дзеянняў», – сцвярджае Жузэп Бурэль, камісар у справах замежнай палітыкі і бяспекі краінаў Еўразвязу.

Еўрапейскія чыноўнікі рыхтуюць ужо сёмы пакет санкцыяў супраць рэжымаў Расеі ды Беларусі. Нягледзячы на рост цэнаў на энерганосьбіты, палітыкі не пойдуць на саступкі аўтарытарным кіраўнікам – мяркуе эксперт.

«Тое, што санкцыі будуць знятыя ці аслабленыя без таго, што Расея спыніць ваенныя дзеянні, мне падаецца, гэта вельмі малаверагодна. Таму што для Еўропы гэта пытанне бяспекі. Ну а бяспека – гэта, вядома, больш важная рэч, чым эканамічная сітуацыя», – кажа палітолаг Андрэй Казакевіч.

Санкцыі прыносяць плён, але іх недастаткова – заявіў украінскі палітолаг Уладзімір Фясенка ў эфіры «Студыі «Белсат».

«Санкцыі працуюць. Але санкцыі не разбураць расейскай эканомікі. Асабліва пры высокіх цэнах на нафту і газ.

Таму ўжо цяпер у Еўрапейскім Звязе і на Захадзе агулам, асабліва ў ЗША, думаюць над механізмам, якім чынам абмежаваць цэны на расейскую нафту», – мяркуе Уладзімір Фясенка.

ЗША і Саудаўская Аравія дамовіліся павялічыць здабычу нафты, каб збіць на яе цэны. Эканамічны ціск здольны паўплываць на аўтарытарныя рэжымы, такія выпадкі ў гісторыі не адзінкавыя – лічыць Андрэй Казакевіч.

«Можна ўзгадаць Бірму, якая ў выніку санкцыяў у 2008 годзе была вымушаная змяніць канстытуцыю, змяніць палітычны лад, праводзіць выбары. Быў прыклад яшчэ паўночнай Афрыкі. Многія аўтарытарныя рэжымы Лацінскай Амерыкі таксама трансфармаваліся ў выніку санкцыйнай палітыкі», – кажа беларускі палітолаг.

Андрэй Казакевіч таксама нагадаў, што менавіта санкцыі змусілі Садама Хусэйна і Муамара Кадафі згарнуць агрэсіўную вонкавую палітыку. У дыктатараў папросту не стала грошай, каб фінансаваць войны і міжнародны тэрарызм.

Валянцін Васіленка, «Белсат»