Журналісты пад пераследам


Пасля ўчорашніх ператрусаў і затрыманняў пад вартай застаюцца тры журналісты «Белсату»: Ігар Ілляш, Ганна Галёта і Галіна Елісеева; і два журналісты радыё «Свабода»: Алег Груздзіловіч і былая карэспандэнтка Іна Студзінская. Знікла сувязь з журналістам Алесем Дашчынскім, гэта значыць, што ён таксама можа быць затрыманы. Усяго ў Беларусі цяпер пад вартаю трыццаць два прадстаўнікі медыяў.

Hавiны
Журналіста Алеся Дашчынскага затрымалі пасля ператрусу, ён можа знаходзіцца на Акрэсціна
2021.07.17 22:44

«Наша рэдакцыя перажыла сапраўды налёт ГУБАЗіКу, мы ведаем прынамсі пра 18 выпадкаў, калі сілавікі ўрываліся ў дамы нашых журналістаў, аператараў і іншых працаўнікоў, яны там рабілі вобшукі, яны забіралі тэхніку, яны шукалі тэхніку», – пракаментаваў упаўнаважаны ў кадрах тэлеканалу «Белсат» Дзмітрый Ягораў.

Кіраўніцтва Польскага тэлебачання катэгарычна асуджае і выступае супраць жорсткіх рэпрэсіяў, якія ўжываюцца урадам Беларусі супраць журналістаў «Белсату».

«Маштабы пераследу журналістаў на тэрыторыі Беларусі выклікаюць жах, вядома, мы пастаянна адсочваем сітуацыю ўсіх супрацоўнікаў «Белсата». Польскае тэлебачанне будзе працягваць актыўна працаваць для ўсіх рэпрэсаваных журналістаў. Мы ніколі не пагодзімся з такой практыкай у дачыненні да журналістаў, якія кажуць усяму свету праўду пра сітуацыю ў Беларусі», – заявіў прэзідэнт праўлення TVP SA Яцэк Курскі.

Белсат Zoom
Беспрэцэдэнтная атака на «Белсат»
2021.07.17 00:12

Масавыя ператрусы і допыты журналістаў патлумачыў начальнік Галоўнага ўпраўлення расследавання злачынстваў у сферы арганізаванай злачыннасці і карупцыі Уладзімір Шышко: «Атрыманая дакладная інфармацыя пра датычнасць кіраўнікоў і працаўнікоў шэрагу недзяржаўных арганізацыяў і аб’ядананняў, а таксама прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі да ценявога руху значных фінансавых сродкаў, найперш з-за мяжы, нясплаты падаткаў і фінансавання рознага кшталту пратэставай актыўнасці насельніцтва Беларусі».

Падставы для ператрусу ў журналістаў, якія супрацоўнічаць з «Белсатам», называліся розныя, у тым ліку ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах. Хаця журналісты, вядома, не ўдзельнічаюць у акцыях, а выконваюць свае прафесійныя абавязкі збору і распаўсюду інфармацыі.

«Да нашых журналістаў прыходзілі на падставе крымінальнага артыкулу, і ў большасці з іх статус – сведка. Для некаторых падчас допытаў і апытанняў падкрэслівалі, што пакуль што статус сведкаў», – распавёў упаўнаважаны ў кадрах на тэлеканале «Белсат» Дзмітрый Ягораў.

Сярод ператрусаў і затрыманняў учора ў асяроддзі незалежных журналістаў была й добрая навіна – на волю выйшла бухгалтарка «Нашай Нівы» Вольга Раковіч. Але трое працаўнікоў рэдакцыі: Ягор Марціновіч, Андрэй Дынько і Андрэй Скурко – дагэтуль застаюцца на Акрэсціна. Прычым з моманту затрымання да іх не дайшла ніводная перадача. З гэтай нагоды родныя нашаніўцаў патэлефанавалі на гарачую лінію Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі.

«І ўвесь гэты час у нашаніўцаў няма нічога, вось у чым іх затрымалі, у тым яны і сядзяць – гэта адна пара рэчаў, зменнай ніякай няма, хоць стаіць спёка, людзям душна, яны пастаянна абліваюцца, ты банальна не можаш памяняць майткі. Гэта абсалютна нечалавечыя ўмовы», – патлумачыла дырэктарка «Нашай Нівы» Настасся Роўда.

Еўразвяз ужо адрэагаваў на моцную хвалю рэпрэсіяў супраць беларускіх незалежных журналістаў і асудзіў яе.

«Еўразвяз выказвае сваё глыбокае шкадаванне з нагоды арыштаў журналістаў «Белсату» і радыё «Свабода» у Беларусі, а таксама з нагоды працягу расправы над праваабаронцамі, журналістамі, актывістамі і дзеячамі культуры і сацыяльнай сферы чацвёрты дзень запар. Грубыя парушэнні правоў чалавека і фундаментальных свабодаў не застануцца без адказу. ЕЗ гатовы да разгляду новых абмежавальных захадаў у адпаведнасці з паступовым падыходам», – сказала прэсавая сакратарка замежнапалітычнай службы Еўразвязу Набіля Масралі.

Сваё падтрыманне недзяржаўным беларускім рэдакцыям выказалі музыкі з гурта NAVIBAND: «Не ўкладаецца ў галаве, калі ў год народнага адзінства, які яны самі і абʼявілі, ідзе такі пераслед незалежнай журналістыкі. Мы падтрымліваем усіх журналістаў, мы хочам, каб яны былі на свабодзе, каб незалежныя СМІ працавалі, каб былі розныя выказванні, розныя бакі».

Рэдакцыя «Белсату» мяркуе, што спецаперацыя ГУБАЗіКу была скіраваная на спыненне працы і застрашэнне рэдакцыяў незалежных СМІ. У такіх умовах і праўда становіцца цяжэй рабіць навІны, але «Белсат», як, мы спадзяёмся, і іншыя незалежныя СМІ, працягнуць працаваць у Беларусі і для беларусаў.

Ірына Карніенка, «Белсат»