Нямеччына: колькасць ахвяраў павялічваецца


Заходняя Еўропа трэці дзень запар працягвае змагацца з наступствамі моцнай паводкі. Колькасць ахвяраў увесь час павялічваецца. На гэты момант вядома пра больш чым 150 загінулых. Вышэй за тысячу згінулі бяз вестак. Пошукі тых, хто выжыў, працягваюцца. Нямеччына абвесціла рэжым вайсковай катастрофы.

Асноўны ўдар прыйшоўся на яе тэрыторыю.

«Гэта вельмі складаны час. Але разам мы выстаім. Я вельмі ўдзячны ўсім, хто нас падтрымлівае і спачувае нам. Хто салідарны з Нямеччынаю», – кажа прэзідэнт Нямеччыны Франк-Вальтэр Штайнмаер.

У ноч на суботу вада разбурала плаціну каля мястэчка Васэнбэрг. Ратаўнікі паспелі эвакуяваць каля сямісот мясцовых жыхароў. Паводка, якую выклікалі моцныя дажджы, закранула ня толькі Нямеччыну, але й Бельгію, Нідэрланды, Францыю ды Швейцарыю. У Бельгіі загінулі як мінімум 20 асобаў.

ЗША: Расея і Кітай пагражаюць космасу

ЗША і Вялікая Брытанія яднаюцца ў барацьбе за касмічную прастору. На тэрыторыі каралеўства плануюць пабудаваць, цытата: «гіганцкі радар», каб адсочваць непажаданыя аб’екты з глыбокага космасу. Радар будзе сканаваць прастору на адлегласці 36-ці тысячаў кіламетраў ад Зямлі. Менавіта ў гэтых зонах космасу змешчаныя многія вайсковыя спадарожнікі. Відавочна, бюджэт настолькі маштабнай аперацыі будзе адпаведны, улічваючы тое, што перамовы вядуцца з кампаніяй І́лана Маска «Спэйс-Экс». Для чаго? На гэтае пытанне Вялікая Брытанія адказвае: каб, цытата, «зрабіць космас больш бяспечным». Бо апошнім часам канкурэнцыя за касмічную прастору расце і некаторыя нават кажуць пра гонку ўзбраенняў. Асноўную небяспеку ў гэтым бачаць з боку Расеі ды Кітаю. Яны распрацоўваць зброю, якую можна выкарыстаць супраць спадарожнікаў, мяркуюць ЗША і Вялікая Брытанія.

Алімпіяда ў Токіа пад пагрозай зрыву

Другі год запар каронавірус можа стацца пагрозай для правядзення летніх Алімпійскіх гульняў. Старт запланаваны на наступную суботу, але яшчэ нават ня ўсе спартоўцы даехалі да Токіа, дзе маюць адбыцца спаборніцтвы. У спартоўцаў з розных краінаў-удзельніц выявілі ковід-19, частка цяпер на каранціне. Напрыклад, гатэль, дзе жывуць бразільцы, абвешчаны кластарам хваробы. Захворванні зафіксавалі таксама ў персаналу і арганізатараў гульняў. А сёння стала вядома пра першы выпадак ковіду і ў алімпійскай вёсцы. Аднак гаворкі пра скасаванне гульняў дагэтуль не вядзецца.

Надзея Бельская, «Белсат»