Магда: «Раз мы прагнем стаць чальцамі Еўразвязу, то ў нас павінны быць адпаведныя змены і дзеянні»


Украіна паслядоўна ідзе ў кірунку агульнае еўрапейскае сям‘і. Канчатковае рашэнне аб наданні статусу кандыдата на ўступленне ў Еўразвяз будзе разгледжанае ўжо на наступным тыдні. Аднак галасоў «за еўрапейскую Украіну» ў Аб‘яднанай Еўропе з кожным днём усё больш.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Надаць статус кандыдата на ўступленне ў Еўразвяз Украіне і Малдове – гэткую рэкамендацыю Еўракамісіі агучыла прэзідэнтка арганізацыі Урзуля фон дэр Ляен. А вось Грузіі дзеля атрымання статусу давядзецца выканаць яшчэ шэраг умоваў.

«Украіна перад вайной ужо рухалася шляхам да Еўразвязу. І цягам васьмі гадоў яна паступова набліжалася да нашага звязу. Як вы ведаеце, у нас ёсць пагадненне аб асацыяцыі з 2016 года, і з гэтым Украіна ўжо прыкладна рэалізавала 70 % рэкамендацыяў Еўразвязу… Мы ўсе ведаем, што ўкраінцы гатовыя паміраць за еўрапейскую перспектыву. Мы ж хочам, каб яны жылі з намі, еўрапейскай марай», – заявіла Урзуля фон дэр Ляен.

Канчаткова за наданне альбо адмову ў статусе кандыдата лідары Аб‘яднанай Еўропы прагаласуюць на саміце ў Бруселі 23-24 чэрвеня. У Кіеве пастанову Еўракамісіі ўжо назвалі гістарычнай. Пры гэтым зацікаўленасць у дачыненнях паміж Украінаю і Еўразвязам узаемная, падкрэслівае палітолаг Яўген Магда. Аб‘яднаная Еўропа хоча ачоліць аднаўленне Украіны пасля завяршэння вайны, скарыстаўшы «будоўлю стагоддзя» і як імпульс для ажыўлення ўласнай эканомікі. Ну а нашым паўднёвым суседзям дзеля далучэння да агульнай еўрапейскай сям’і давядзецца яшчэ багата папрацаваць.

«Раз мы прагнем стаць чальцамі Еўразвязу, то ў нас павінны быць адпаведныя змены і адпаведныя дзеянні: змаганне з карупцыяй, празрыстае судзейства, максімальна эфектыўны суд, які гарантуе ў тым ліку і правы інвестараў», – кажа Магда.

Зрэшты, шлях Украіны на Захад часткова можа ісці і праз усход. Паводле нямецкага выдання «Die Welt», у часе візіту ў Кіеў лідараў Нямеччыны, Францыі і Італіі, які адбыўся напярэдадні, еўрапейскія палітыкі таемна заклікалі прэзідэнта Зяленскага аднавіць дыялог з Расеяй і арганізаваць перамовы з Пуціным.

Тым часам у Крамлі заявілі, што ўважліва сочаць за намаганнямі Украіны далучыцца да Еўразвязу, асабліва ў святле абарончай супрацы.

«Мы ўсе ведаем пра інтэнсіфікацыю ў Еўропе дыскусіяў на прадмет узмацнення ваеннага і абарончага складніка бяспекі. Таму там адбываюцца розныя трансфармацыі, за якімі мы, вядома ж, вельмі пільна сочым», – кажа прэс-сакратар кіраўніка Крамля Дзмітрый Пяскоў.

Тым часам ці можа і ці мусіць быць адноўлены дыялог з Крамлём, у самой Украіне адзінага меркавання няма. Зрэшты, падкрэслівае палітолаг Яўген Магда, хоць аніякіх падставаў для перамоваў з тымі, хто штодня забівае ўкраінцаў і ўжо акупаваў пятую частку тэрыторыі Украіны, няма, але і вялікае драмы ў аднаўленні перамоваў таксама не будзе.

«Аднаўленне перамоваў і дасягненне вынікаў перамоваў – гэта, як кажуць у Адэсе, дзве вялікія розніцы. Украіна можа размаўляць пра гуманітарныя пытанні, пра абмен палоннымі, пра тое, як забяспечыць выплату пенсіяў на акупаваных тэрыторыях, яшчэ пра штосьці – можна багата знайсці тэмаў. Але гэта яшчэ не азначае, што гэта перамовы пра капітуляцыю», – тлумачыць палітолаг.

Зрэшты, якім бы ні было рашэнне аб статусе кандыдата ад лідараў Еўразвязу, Украіна і без таго адыходзіць ад Расеі з кожным днём усё далей. Ужо 1-га ліпеня нашыя паўднёвыя суседзі ўводзяць візавы рэжым з усходнім агрэсарам.

Валера Руселік, «Белсат»