Юрыст Алег Агееў: «Неаказанне медычнай дапамогі можа быць параўнанае з катаваннямі»


Францыя, Чэхія і Эстонія – з амбасадаў гэтых краінаў прыйшлі прадстаўнікі ў суд Савецкага раёну сталіцы. Тут адбылося чарговае паседжанне ў так званай справе студэнтаў.

– Удзельнікі гэтай надуманай справы не вінаватыя ні ў якой ступені. Пры зусім дзіўнай фантазіі – гэта адміністратыўка. Гэта можна падвесці пад парушэнне правілаў унутранага распарадку ВНУ, то бок гэта вымова, пазбаўленне стыпендыі. І ўсё, – лічыць бацька аднаго з фігурантаў справы Віталь Трахтэнберг.

У крымінальнай справе праходзяць 12 чалавек, сярод іх дзесяцёра студэнтаў некалькіх сталічных вышэйшых навучальных установаў – Яна Арабейка, Кася Будзько, Настасся Булыбенка, Вікторыя Гранкоўская, Марыя Каленік, Ягор Канецкі, Ксенія Сырамалот, Ілля Трахтэнберг, Глеб Фіцнер і Таццяна Якельчык. А таксама выкладчыца Вольга Філатчанкава і прадстаўніца Святланы Ціханоўскай у справах моладзі і студэнтаў Алана Гебрэмарыям. Следства вінаваціць фігурантаў у тым, што яны нібыта каардынавалі пратэсты на месцах, заклікАлі да ўдзелу ў акцыях пратэсту, займаліся іх рыхтаваннем і матэрыяльным забеспячэннем. Між іншага, у справе згадваецца інтэрнэт-канферэнцыя з удзелам Святланы Ціханоўскай.

– Сама канферэнцыя была зносінамі паміж студэнтамі розных ВНУ, пасля сын распавёў, што там удзельнічала Ціханоўская Абмяркоўвалі ВНУ, сітуацыю ў ВНУ, сітуацыю з адлічэннем студэнтаў з універсітэтаў, – адзначае Віталь Трахтэнберг.

Суды працягваюцца па ўсёй краіне. У Гомлі Дзмітрыя Канеўскага, сына палітзняволенай Таццяны Канеўскай, Руслан Царук пакараў трыма гадамі калоніі за негатыўныя каментары пра міліцыю ў тэлеграм-чаце.

Працягваецца і ціск на тых, хто ўжо адбывае пакаранне. У сувязі са звесткамі, што Уладзіміра Цурпанава каралі карцарам за беларускую мову зносінаў з аховаю, старшыня Таварыства беларускай мовы Алена Анісім звярнулася не толькі да кіраўніцтва турмы, дзе ўтрымліваецца палітвязень, але і ў Дэпартамент выканання пакаранняў.

– Каб яны звярнулі ўвагу на недапушчальнасць такіх фактаў і правялі тлумачальную работу сярод персаналу ўсіх установаў свайго міністэрства, бо гэтыя факты сведчаць пра парушэнне канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, – тлумачыць Алена Анісім.

Парушаецца закон і ў выпадку са зняволенымі, якім не аказваюць неабходнай медычнай дапамогі, – як адбываецца з журналістам Анджэем Пачобутам, які мае праблемы з сэрцам і ў турме захварэў на ковід.

– Неаказанне медычнай дапамогі можа быць параўнанае з катаваннямі, таму што асобам, якія застаюцца пад вартаю, пад поўным наглядам дзяржавы, дзяржава павінна забяспечваць у тым ліку і медычную дапамогу падчас захворванняў, – кажа намеснік старшыні БАЖ, юрыст Алег Агееў.

З просьбаю накіраваць журналіста ў шпіталь Беларуская асацыяцыя журналістаў звярнулася ў шэраг ведамстваў. Агулам жа цяпер незаконна трымаюць за кратамі 26 журналістаў, падкрэслівае Алег Агеееў.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»