Новыя амерыканскія санкцыі для Лукашэнкі


Злучаныя штаты Амерыкі анансавалі ўвядзенне новых санкцыяў супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Іх плануюць прыняць ужо на наступным тыдні. Пра гэта заявіла намесніца дзяржаўнага сакратара ЗША Віктор‘я Нулэнд.

Форум GLOBSEC Bratislava сёлета прысвечаны аднаўленню свету пасля пандэміі каронавіруса. Тут, у сталіцы Славаччыны ўжо 16 гадоў запар эксперты і палітыкі абмяркоўваюць міжнародныя стасункі і пагрозы глабальнай бяспецы. А дзеянні рэжыму Лукашэнкі якраз такой пагрозаю сталі.

«Адзіны спосаб паважаць правы і выбар беларусаў – гэта правесці сапраўды празрыстыя і праўдзівыя выбары. Відавочна, што спадар Лукашэнка баіцца гэта зрабіць. Як і Еўразвяз, мы ўвялі пэўныя санкцыі, і я мяркую, на наступным тыдні вы пабачыце іх яшчэ больш», – заявіла намесніца дзяржаўнага сакратара ЗША Віктор‘я Нулэнд падчас форуму.

Так Віктор’я НУлэнд пазначыла пазіцыю ЗША і падсумавала абмеркаванне беларускага пытання на ўчорашніх перамовах Джо Байдэна і Уладзіміра Пуціна:

«Прэзідэнт Байдэн ясна даў зразумець, што тое, што адбылося з пасадкай авіярэйсу з выцягваннем з самалёта дысідэнта, каб потым яго прадэманстраваць, гэта проста беззаконне».

На саміце ў Жэневе амерыканскі прэзідэнт публічна падкрэсліў: ЗША вяртаюцца ў міжнародную палітыку, і правы чалавека заўжды будуць на парадку дня.

– Роля ЗША ў гэтым рэгіёне не такая важная, як роля Еўразвязу. Таму тут важны альянс і разуменне адносінаў ЗША, і пазіцыя сумесная з ЗША. Але ўсё будзе вызначаць, як гэта будзе пакладзена ў практычныя рашэнне Еўрапейскім звязам, – тлумачыць аналітык Цэнтру Еўрапейскай Трансфармацыі Андрэй Ягораў.

Як мяркуе адмысловец, добра, што пра Беларусь публічна ўзгадалі падчас саміту, да якога была прыкутая ўвага ўсяго свету. Хаця перамовы былі занадта кароткія, а між ЗША і Расеяй назбіралася шмат іншых праблемаў, акрамя падтрымкі Лукашэнкі Масквой.

«Таксама я выказаў сваю занепакоенасць сітуацыяй у Беларусі. Уладзімір Пуцін не супярэчыў таму, што здарылася. Ён проста мае іншую перспектыву адносна таго, што з гэтым рабіць», – заявіў Джо Байдэн на прэс-канферэнцыі пасля саміту.

Сёння пуцінскі прэс-сакратар заявіў, што пазіцыі Вашынгтону і Масквы ў беларускім пытанні зблізіць немагчыма.

«Мы ўсе ведаем пазіцыю амерыканцаў. Ёсць і праблематыка самалёта [Ryanair]. Злучаныя Штаты лічаць гэта недапушчальным, парушэннем абсалютна ўсяго. На гэта ў нас ёсць уласная пазіцыя, што мы маем інфармацыю ад першакрыніцы – прэзідэнта Беларусі, і прэзідэнту Пуціну недарэчна не давяраць свайму беларускаму калегу», – заявіў Дзмітрый Пяскоў.

Hавiны
ЗША рыхтуюць новыя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі
2021.06.17 16:01

Раней паліцыя і спецслужбы Грэцыі заяўлялі, што падрыхтоўка перахопу авіярэйсу Афіны – Вільня праходзіла з удзелам расейскіх спецслужбаў. Так што Масква падтрымлівае Аляксандра Лукашэнку ў гэтым пытанні адразу з некалькімі матывамі.

– Лукашэнку патрэбныя не столькі словы рытарычныя, якія гучаць пастаянна з боку Расеі, колькі рэальныя дзеянні Расеі ў падтрымцы гэтага рэжыму, і ў асноўным гэта звязана з фінансавай падтрымкай. І тут мы бачым, што яе не вельмі шмат, яна амбівалентная, ёсць пытанне транзіту газу праз Беларусь, – нагадвае Андрэй Ягораў.

Пры гэтым, як мяркуе аналітык, дзеянні Аляксандра Лукашэнкі кшталту прымусовай пасадкі самалёта ці цынічнага выкарыстання нелегальнай міграцыі супраць суседніх дзяржаваў будуць і далей рабіць пытанне беларускага крызісу актуальным для міжнароднай бяспекі.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»