Як выдавецкая крама Янушкевіча «Кнігаўка» апынулася за кратамі


Выдавец Андрэй Янушкевіч правядзе 10 содняў за кратамі. Статус затрыманай супрацоўніцы кнігарні Насты Карнацкай – не вядомы. Пасля адкрыцця ў Менску выдавецкай крамы «Кнігаўка» сілавікі канфіскавалі 200 кніг. Частку з іх – будуць фільтраваць праз ідэалогію лукашэнкаўскай дзяржавы, хоць на думку экспертаў «Белсату» – нічога крамольнага ў прапанаванай чытачу літаратуры – не было і блізка. Белсат распавядзе пра палітычныя рэпрэсіі гэтага дня.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Выдавец Андрэй Янушкевіч і ягоная супрацоўніца Наста Карнацкая правялі ўжо содні ў няволі. Учора Янушкевіч адкрыў у Менску краму «Кнігаўка», куды са здымачнай групаю завіталі прапагандысты…

«Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае» – адная з гістарычных кніг, да якой чапляліся… «Вельмі падобным да параду ветэранаў СС» Рыгор Азаронак назваў фота ўступлення літоўскага войска ў Вільню ў 1939-ым годзе.

Гісторык Кастусь Кабыльніцкі (псеўданім) кажа:

«Там ідуць звычайныя пададдзелы літоўскага войска, якое між іншага карыстаецца нямецкімі шаломамі, названымі штальхельм (Stahlhelm). Такія шлемы выкарыстоўвалі войскі шматлікіх краінаў цэнтральнай і ўсходняй Еўропы».

Ператрус у Янушкевіча праводзілі супрацоўнікі ГУБАЗіК. Канфіскавалі 200 кніжак, 15 з іх – аддалі на нейкую экспертызу.

Прапагандысты заявілі, што выдавец быццам перапісваўся са штабам Святланы Ціханоўскай, а ягоныя супрацоўнікі – адміністравалі нейкія Telegram-каналы. Літаратар Андрэй Хадановіч называе рэальныя прычыны падзеяў:

«У прынцыпе, кніжных людзей (так званыя ўлады – заўв. рэд) мусяць ненавідзець любых, а беларускія кнігі і беларускіх кніжных людзей – дадаткова. Мы дагэтуль паўстаём як нацыя – традыцыйна кажучы, і актуальна – як грамадзянская супольнасць, як грамадства».

«Янушкевіч» – незалежнае выдавецтва, якое друкавала кнігі пераважна па-беларуску і мела на тое дазвол. Напярэдадні Мінінфармацыі прыпыніла працу выдавецтваў «Медысонт», «Лімарыус», «Кнігазбор» і «Галіяфы».

«Калі ўлада пачынае цікавіцца – гэта своеасаблівая спецыфічная прэмія, узнагарода, якую можна атрымаць у Беларусі… Значыць ты прарываешся на нейкі ўчастак актуальнасці. Ты робішся заўважным канкурэнтам, супернікам ці ворагам (рэжыму – заўв. рэд) ва ўплывах на свядомасць», – заўважыў Хадановіч.

У сваім змаганні за стэрыльнасць розумаў прапаганда з’ядае і «сваіх былых». Стала вядома, што два месяцы за кратамі знаходзіцца колішні вядоўца «Зоны Х» на БТ Дзмітрый Лукша. Абразіў лукашэнкаўскую ўладу ў адным з сюжэтаў на казахскім тэлеканале «Хабар 24».

У Наваполацку ж сёння затрымалі кіраўніка незалежнага прафсаюзу Максіма Пазнякова.

«Большасць прафсаюзнай працы – гэта праца па абароне правоў працоўных. Яна працягваецца. “Улады” ў прафсаюзнай працы бачаць небяспеку, бо гэта тое, чаго яны больш за ўсё баяцца – забастовак як формы грамадзянскага непадпарадкавання», – кажа праваабаронца.

У гэты дзень тры гады »хатняй хіміі« прысудзілі Андрэю Патрэбку – «за шматразовую абразу прэзідэнта». А палітзняволенага Арцёма Касакоўскага, зняволенага на 5 гадоў, вырашылі судзіць яшчэ паводле трох крымінальных артыкулаў.

Заўтра ж распачнецца працэс над колішнім палітвязнем Мікалаем Аўтуховічам – ветэранам афганскай кампаніі, прадпрымальнікам і грамадскім актывістам, які ўжо 532 дні ў зняволенні.

Юлія Цяльпук, «Белсат»