«Гэта не суд, а судзілішча». Суды 17 траўня


15 содняў арышту для Любові Каспяровіч. У судзе Маскоўскага раёну сталіцы суддзя Сяргей Кацар прызнаў журналістку парталу «TUT.BY», якая асвятляла суд над студэнтамі, вінаватай у несанкцыянаваным пікетаванні.

Але разгляд адміністратыўнай справы паводле закону ўвогуле не мог адбывацца, бо Любоў Каспяровіч затрымалі на больш як 72 гадзіны. На гэтай падставе адвакат журналісткі заявіў адвод суддзі.

«Я палічыў, што гэта перашкода для суддзі далей разглядаць справу, і палічыў, што гэта падстава, якая кажа пра ягоную залежнасць і небесстароннасць. – А што належыць рабіць у такім выпадку? – У гэтым выпадку чалавека належыць безумоўна вызваліць незалежна ад нейкіх абставінаў», – тлумачыць адвакат журналісткі Андрэй Мачалаў.

Хадайніцтва аб адводзе суд адхіліў, як і хадайніцтва Любові Каспяровіч пра азнаямленне са справай, і хадайніцтва пра разгляд справы жыўцом, а не праз «Скайп». Прадстаўнікоў незалежнай прэсы на паседжанне не пусцілі, а ў якасці сведкі выступіў Іван Іванавіч Іваноў, які насуперак закону прысутнічаў у судовай залі да свайго апытання.

«Мы сутыкнуліся з сітуацыяй, калі адбываецца проста расправа над прадстаўнікамі медыяў, над журналістамі, над тымі, хто ходзіць і асвятляе нейкія працэсы ці мерапрыемствы. Яшчэ на пачатку мінулага тыдня ў нас было 12 нашых калег за кратамі, напрыканцы тыдня мы маем 16 журналістаў у вязніцах», – падкрэслівае намеснік старшыні БАЖ Барыс Гарэцкі.

Такі ж Іван Іванавіч Іваноў выступіў сведкам і на разглядзе справы Анатоля Лябедзькі. Палітыка таксама затрымалі ў пятніцу падчас разгляду справы студэнтаў.

«Рабіла выгляд, што разбіраецца, што слухае паказанні сведкаў, сведкі з боку міліцыі, сведку, што прысутнічаў на момант затрымання Анатоля. Сведку з боку міліцыі яна непрыхавана, на маю думку, абараняла», – кажа сябра АГП Антаніна Кавалёва пра суддзю Таццяну Мотыль, якая пакарала Анатоля Лябедзьку трыццаццю соднямі арышту.

А суддзя Андрэй Млечка на пяць гадоў адправіў у калонію Аляксандра Раентава. Палітвязня прызналі вінаватым у супраціве міліцыянтам пры затрыманні ды ў рыхтаванні дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, – за адміністраванне тэлеграм-каналу «Палігон».

«Ні слова праўды, праўду тут нельга даказаць. Ён ніякі не арганізатар, ён, як і ўсе, звычайны ўдзельнік. Але мы не даказалі», – кажа Любоў Раентава, маці палітвязня.

У Бабруйску распачаўся суд над старшынём бабруйскай філіі Беларускага незалежнага прафсаюзу Сяргеем Гурлом. Мужчыну абвінавачваюць у абразе працаўнікоў міліцыі за перапіску ў «Тэлеграме». Суд праходзіць у закрытым рэжыме.

«Чаму суд закрыты? Якія тут тайны? Таму што страшна – гэта ім, што шмат чаго адкрыецца, што яны прысягу парушаюць, што яны Крымінальны кодэкс парушаюць. І што гэта не суд, а судзілішча», – кажа Сяргей Гурло.

Вырак у справе суддзя Антон Дудаль мае вынесці заўтра.

У Савецкім судзе сталіцы разглядаюць справы раварыстаў, затрыманых напярэдадні на Цнянскім вадасховішчы. Суддзі Сяргей Шаціла і Алена Жуковіч караюць раварыстаў арыштамі ад 10 да 13 содняў за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.

«Звычайныя банальныя «пакатушкі». Кожны сезон гэта ў іх праходзіць. І ў прынцыпе сезон цёплы, Цнянка, ровары, нармальна. Але хтосьці надумаў, што яны перашкаджаюць», – кажа Алена, маці аднаго з затрыманых раварыстаў.

Больш як дзясятак затрыманых раварыстаў правялі ноч на Акрэсціна.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»