Стартавала «Еўрабачанне-2021». Без Беларусі


Юбілейны, 65-ы міжнародны конкурс «Еўрабачанне-2021» пройдзе ў найбуйнейшым партовым горадзе Нідэрландаў – Ротэрдаме. Аднак праз каронавірус з 39-ці краінаў 5 не змаглі ўзяць удзелу ў цырымоніі адкрыцця. Дэлегацыя Аўстраліі наагул не дабралася да Нідэрландаў праз асаблівасці паездак ва ўмовах пандэміі. Яна будзе ўдзельнічаць у конкурсе дыстанцыйна.

Колер дарожкі на ўрачыстай цырымоніі адкрыцця сёлета быў не чырвоны, а бірузовы.

«Мне трэба пачувацца максімальна камфортна, каб спяваць на максімуме маіх магчымасцяў. Гэта вельмі важна для мяне – стварыць нешта вельмі ўтульнае, простае, маленькае, але ў той жа час вялікае, бо вы бачыце ўсе дэталі майго твару, цела», – дзеліцца ўдзельніца з Францыі Барбара Праві.

На адкрыццё не трапілі дэлегацыі з Ісландыі ды Польшчы: напярэдадні ва ўдзельнікаў выявілі каронавірус. Артыстаў з Румыніі і Мальты, якія жылі з імі ў адным гатэлі, таксама адправілі на каранцін.

«Мы стараемся прытрымлівацца дыстанцыі. Стараемся быць у бяспецы. Мы вельмі адказныя», – заўважыў удзельнік з Іспаніі Бляс Канто.

Ад Беларусі на «Еўрабачанне» збіраўся паехаць праўладны гурт «Галасы Зместа», аднак са спісу ўдзельнікаў яго выключылі. Праз палітычны падтэкст песні.

«Пра людзей, пра сусветныя тэндэнцыі нейкія, гэта нельга назваць палітыкай. Што чалавек не вельмі патрэбны, яго адсоўваюць на другі план. Больш важная ягоная функцыя, як звяно нейкае ў ланцугу, а не сама асоба, таму яму прапануюцца ўсякія гаджэты, забавы, каб ён не займаўся сваймі справамі», – тлумачыў раней лідар гурта «Галасы ЗМеста» Зміцер Бутакоў.

«Еўрабачанне», якое звычайна збірае каля 200 мільёнаў тэлегледачоў па ўсім свеце, не пакажуць у нашай краіне. Белтэлерадыёкампанія выключыла яго з трансляцыі, аргументаваўшы гэта тым, што прадстаўніка Беларусі не дапусцілі на конкурс. Паўфіналы пройдуць 18-га і 20-га траўня, вялікі фінал запланаваны на 22-га траўня.

Каця Малей, «Белсат»