Міліцэйскі гвалт узаконілі. Сілавікі не будуць несці адказнасці за ўжыванне сілы і зброі


У Нацыянальным рэестры прававых актаў з’явіліся законы «Аб дзяржаўнай абароне» і «Аб змене законаў у пытаннях нацыянальнай бяспекі». Дакументы, якія тэрмінова прынялі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і Савету Рэспублікі, падпісаў Аляксандр Лукашэнка.

Цяпер сілавікі не будуць несці адказнасці за ўжыванне сілы, спецсродкаў і зброі, а грамадзяне не могуць здымаць незаконныя дзеянні сілавікоў на фота і відэа.

Забойствы Аляксандра Тарайкоўскага, Генадзя Шутава і Рамана Бандарэнкі. Больш за 4 тысячы скаргаў аб катаваннях. Але ніводны з сілавікоў не панёс ніякай адказнасці. Закон «Аб змяненні законаў у пытаннях нацыянальнай бяспекі», які падпісаў Аляксандр Лукашэнка, пазбавіць іх такой адказнасці за шкоду ад ужывання фізічнай сілы, спецсродкаў і нават зброі.

«Гэтае палажэнне дае ў першую чаргу магчымасць законнага і легальнага ўхілення ад прадугледжанай Крымінальным кодэксам адказнасці для сілавікоў у выпадку перавышэння імі межаў неабходнай абароны або межаў ужывання імі сілы ці спецсродкаў», – падкрэслівае юрыст Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Арцём Праскаловіч.

Сілавікі таксама атрымаюць права прымяняць баявую і спецыяльную тэхніку пры спыненні масавых беспарадкаў і могуць забараняць грамадзянам весці відэа- і фотафіксацыю.

«Відавочна, што ў гэтай норме няма ніякага клопату пра асобу, бяспеку грамадзянаў. Выключна клопат пра мінімізацыю колькасці доказаў, якія сведчаць аб неправамерных паводзінах прадстаўнікоў праваахоўных сілавых органаў», – упэўнены Арцём Праскаловіч.

Зацвердзіў Лукашэнка і змены ў закон «Аб дзяржаўнай абароне». Папраўкі дазволяць суддзям, службовым асобам ды іхным блізкім разлічваць на абарону дзяржавы – ад пераводу на іншую службу да змены аблічча.

«Такія законы прымаюцца, каб уплываць на сваіх і ўплываць на тых, хто не падтрымлівае. Уплываць на ўмоўную апазіцыю. Для сваіх – магчымасць, як яны падаюць, абараняцца і мець пэўныя прывілеі; для не сваіх – гэта страх», – лічыць палітолаг Вольга Харламава.

Змены ў абодва законы набудуць моц праз месяц. Бараніць свае правы беларусы пакуль вымушаныя па-за межамі краіны.

Ігар Станкевіч, «Белсат»