Blacktower: Беларусь – найгоршая для пенсіянераў краіна Еўропы


Беларусь – найгоршая для пенсіянераў краіна Еўропы – вынікае з рэйтынгу фінансава-аналітычнай кампаніі Blacktower. Апошняе 37-ае месца Беларусь атрымала перадусім праз найгоршы індэкс злачыннасці і найменшую працягласць жыцця. Не апошнія, але нізкія ў даследаванні – індэксы коштаў на пражыванне і цэнаў на нерухомасць.

Ежа і лекі – з’ядаюць большую частку пенсіі. Пасля аплаты камунальных паслуг… «застанецца толькі на праезд», – прызнаецца пенсіянер з Віцебску.

«Жывем, як атрымліваецца… У мяне цяпер сына «скарацілі», даводзіцца яшчэ яму дапамагаць» – усміхаецца пенсіянерка, таксама віцяблянка.

«Аб гэтым па-мойму ўжо ўсе кажуць, што пенсіі ў Беларусі «ні пра што»», – падсумоўвае іншая пенсіянерка.

Паводле Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, з лютага бягучага года сярэдні памер пенсіі па ўзросце складае BR 512. Гэткія даходы сталіся адным з чыннікаў, які апусціў Беларусь на самы ніз у рэйтынгу краінаў Еўропы, прывабных для жыцця пенсіянераў.

Даследаванне належыць Фінансава-аналітычнай анецыі Blacktower. Паводле яе, у нас таксама найбольш высокі індэкс злачыннасці, найніжэйшая працягласць жыцця. У коштах на пражыванне і цэнаў на нерухомасць – таксама ў хвасце. Найлепшая ж для пенсіянераў – Фінляндыя.

«На Захадзе ўсё ж назапашвальная сістэма актыўна выкарыстоўваецца. Той хто добра зарабляе, адкладае грошы, укладае ў фонды, назапашвае працэнты. У нас гэтага на жаль няма, таму што рэжым баіцца ўсялякіх рэформаў, у тым ліку і ў пенсійнай галіне», кажа палітычны аналітык Аляксандр Класкоўскі.

Што да ніжэйшай працягласці жыцця, наўрад ці вінаватыя гены… На пачатку 90-ых беларусы ў гэтым паказніку былі роўныя з суседнімі Польшчаю і Літвой і значна апярэджвалі Латвію, Эстонію, Румынію. Паводле статыстыкі Сусветнага банку ўжо ў 2019 годзе беларусы адсталі ў працягласці жыцця ад суседзяў і агулам – краінаў Еўразвязу. Да пенсіі – не дажывае палова беларускіх мужчынаў.

«Калі чалавек ідзе на пенсію ў 63… паводле іхных звестак. Колькі ў нас не дажываюць да пенсіі? Палова мужчынаў не дажываюць да пенсіі. Таму тут таксама пытанне… Жывуць менш, бо грошай не хапае. Лад жыцця таксама – куды не зойдзеш, паўсюль нейкае віно «чарнільца»», – кажа Таццяна Зялко.

Калі вярнуцца да індэксу злачыннасці, які ў даследаванні ўлічылі метадолагі «Блэктаўэр», пенсіянерка і актывістка Таццяна Зялко мае што распавесці пра сёлетняе абыходжанне дзяржавы з нелаяльнымі пенсіянерамі:

«Вялізныя штрафы ім даюць і содні. Апроч таго ў іх забіраюць пенсіі. То бок чалавек ідзе ў краму, а там аказваецца, што пенсійная карта пустая. Апрача таго, што штраф за іншадумства аплачаны, яны яшчэ і забіраюць пенсію».

Спадарыня Таццяна – кіраўніца ініцыятывы «Наша пакаленне», таксама праз такое прайшла. Тым не менш працягвае дапамагаць пенсіянерам, якія трапляюць у складаныя жыццёвыя сітуацыі.

Аляксандр Класкоўскі працягвае: «Пенсіянеры нечакана выявілі такую рэвалюцыйную актыўнасць. Я думаю, што гэта вельмі раззлавала ўладу. Калі раней улады лічылі, што гэта цвёрда іхны электарат, то цяпер яны вырашылі «калі і гэтыя старыя таксама лезуць на барыкады, то халера з імі».

Дзяржава кідае, так званыя «неверагодныя» дапамагаюць падняцца. На хвалі паслявыбарчай салідарнасці людзям сталага веку пачала дапамагаць моладзь. Тая самая, якая з імі ў нагу летась выходзіла на маршы пенсіянераў.

Юлія Цяльпук, «Белсат»