«Ад закрыцця краіны сёння ніхто не застрахаваны». Куды ляцець беларусам у адпачынак?


Мінулы год для турыстычнага бізнесу можна смела назваць чорным. У выніку каронавірусных абмежаванняў у Беларусі закрылася кожная пятая турфірма. Прыбытак упаў больш як на 70 %. Адмыслоўцы адзначаюць: у 2021-м вандраваць стала лягчэй, але да ўзроўню рынку даковіднага часу турбізнес яшчэ не вярнуўся.

«Натуральна, нейкіх глабальных ранніх рэзерваванняў няма – усе стараюцца максімальна бліжэй да вылету спланаваць падарожжа. Ад COVID-19, ад пандэміі, ад закрыцця краіны сёння ніхто не застрахаваны» – сцвярджае адмыслоўца ў сферы турызму Настасся Зубкова.

Зрэшты, некаторыя краіны Заходняй Еўропы пачалі адкрываць межы, у тым ліку для беларусаў. На мінулым тыдні пра гэта заявілі Грэцыя, Партугалія і Чарнагорыя. Для перасячэння мяжы апошняй беларусам не трэба будзе рабіць нават тэсту. А некаторыя краіны наогул не закрываліся для турыстаў.

«Цяпер папулярнае ўсё, што адкрываецца. Варта нейкай краіне адкрыцца – туды збіраецца вялікая колькасць людзей, якія хочуць паляцець. Цяпер, у вясновы сезон, вялікай папулярнасцю карысталіся Арабскія Эміраты. Цяпер там становіцца вельмі горача, таму гэты кірунак адыходзіць на задні план. З летніх: Турцыя, Туніс, Егіпет. Шалёна прадаваўся Егіпет у мінулую зіму, таму што, зноў жа, быў адкрыты, і гэта адна з нешматлікіх краінаў, пасля якой не трэба самаізалявацца» – кажа Настасся Зубкова.

Еўракамісар у пытаннях унутранага рынку Т’еры Брэтон заявіў, што ў Еўразвязе ўжо створаныя неабходныя ўмовы для «бяспечнага аднаўлення турызму» гэтым летам. Але радасную навіну турагенты святкаваць не спяшаюцца. Кажуць: «Калі паляціць першы самалёт – тады і будзем адкрываць шампанскае».

Зрэшты, каб адпачыць, неабавязкова ехаць на мора. Усё большай папулярнасцю ў Беларусі карыстаецца адпачынак у аграсядзібах. У 2020 годзе іх налічвалася ў краіне больш за дзве з паловаю тысячы. І з кожным годам іх колькасць толькі расце.

Адну з такіх сядзібаў з нацыянальным каларытам пад Менскам 10 гадоў таму адкрыў Андрэй Круг.

«Гэта тая частка гісторыі, якую мы можам паказаць не толькі дарослым, але і дзецям. Мы праводзім, напэўна, усе абрады такія вялікія: Купалле, масленіца, каляды… Пляцём вянкі, скачам праз вогнішча, водзім карагоды і весела бавім час» – кажа Андрэй.

За 10 гадоў існавання сядзібы праз вогнішчы тут скакалі амерыканцы, англічане і нават аўстралійцы. Але асноўную частку турыстычнай плыні складаюць, вядома, беларусы.

Міхаіл Прановіч, «Белсат»