Каталікі ўсяго свету адзначаюць Вялікдзень


Хрысціяне ўсяго свету паводле грыгарыянскага календару адзначаюць галоўнае царкоўнае свята – Вялікдзень. Сёлета галоўная тэма прамоваў святароў – вайна ва Украіне. Усе моляцца аб яе найхутчэйшым завяршэнні. А хрысціяне ўсходняга абраду святкуюць Вербную нядзелю – уваход Госпада ў Іерусалім і пачатак тыдня ягоных пакутаў.

«Дзень поўны радасці настаў, сёння Пан Хрыстос з труны ўстаў!». Сёння каталікі і пратэстанты адзначаюць найвялікшае для хрысціянаў свята – Вялікдзень. Каб адсвяткаваць Уваскрашэнне Хрыста, беларусы – каталікі Варшавы прыйшлі ў касцёл Святога Аляксандра.

«Гэта найвялікшае свята ў жыцці кожнага хрысціяніна, калі Хрыстос уваскрэс, ён даў нам надзею на вечнае жыццё», – кажа беларус Варшавы.

«Усе каталікі свету святкуюць яго. На жаль, мы сустракаем яго не ўдома, а тут, але тут з намі наш ксёндз Вячаслаў Барок», – падкрэсліла беларуска Вікторыя.

Паводле Бібліі, на трэці дзень пасля смерці Хрыстос паўстаў з труны, што сімвалізуе перамогу жыцця над смерцю і святла над цемрай. Адна з галоўных тэмаў казанняў святара – вайна.

«Сённяшні свет, сучасны свет адышоў ад Бога. Ён перайшоў на дарогу вайны, вядома шмат якіх зверстваў, бесчалавечнасці, злачынстваў, дзе людзі забыліся пра праўду. Сённяшні свет патрабуе радасці», – падкрэсліў каталіцкі святар Вячаслаў Барок.

Ва ўкраінскім Львове падчас велікоднай імшы згадваюць загінулых за час расейскай навалы.

Гільзы, жоўта-блакітны сцяг і алтар са скрыняў з гуманітарнаю дапамогай. У касцёле Святога Мікалая ў Кіеве, які часова пераўтварыўся ў гуманітарны склад, ізноў гучыць малітва і пранікнёная суцяшальная прамова пра забітых украінцаў.

На святочную імшу ў Рыме на плошчы Святога Пятра ўпершыню за апошнія два гады з пачатку пандэміі сабраліся да 50 тысяч вернікаў. Над галовамі лунаюць жоўта-блакітныя сцягі, а Папа Францішак асуджае вайну ва Украіне ды называе яе жорсткай і бессэнсоўнаю:

«Хай будзе мір змучанай вайной Украіне, гэтак моцна выпрабаванай гвалтам і разбурэннямі жорсткай ды бессэнсоўнай вайны, у якую яе ўцягнулі. У гэтую страшную ноч пакутаў і смерці няхай хутка з’явіцца новы світанак надзеі! Няхай будзе пастанова пра мір!»

Пакуль адныя хрысціяне адзначаюць Уваскрашэнне Хрыстова паводле грыгарыянскага календару, іншыя купляюць галінкі вярбы і адзначаюць Вербную нядзелю. Паводле юліянскага календару яны святкуюць Уваход Гасподні ў Іерусалім і пачатак тыдня ягоных пакутаў, успамінаючы апошнія дні зямнога жыцця Збаўцы. Светлае Хрыстова Уваскрашэнне праваслаўныя адзначаць праз тыдзень, 24 красавіка.

Ігар Станкевіч, «Белсат»