«Новы закон не адпавядае вяршэнству права»


Сын Сяргея Аляксандр браў удзел увосень у жаночым маршы – атрымаў 290 рублёў штрафу. Пагасіла яго арганізацыя «BY_Sol».

«Насамрэч ён і сам быў гатовы заплаціць, але ж ён пацярпеў ні за што. Мы дапамагаем усім беларусам: не важна, дзе хто застаецца. Тут цяпер падтрымліваем пінскіх людзей», – кажа Сяргей.

Паводле ж новага закону пасля подпісу Лукашэнкі забараняецца аплочваць штрафы людзей, якіх прыцягнулі да адказнасці за ўдзел у масавых акцыях.

«Нейкія паслабленні апошніх гадоў, калі дазволілі паводле паведамляльнага прынцыпу збірацца ў вызначаных месцах, і тое адмянілі. І цяпер проста невядома, як заяўнік павінен выканаць усе гэтыя патрабаванні, каб атрымаць гарантаваны дазвол», – кажа Юрась Губарэвіч старшыня руху «ЗА СВАБОДУ».

Улады тлумачаць патрэбу ў новым законе гэтак: трэба «стварыць умовы для забеспячэння грамадскай бяспекі і парадку правядзення масавых акцыяў». Праваабаронца Наталля Сацункевіч называе гэта «надзвычай грубымі парушэннямі, бо новы закон не мае дачынення да вяршэнства права або міжнародных стандартаў». Да таго ж папраўкі ў закон аб масавых акцыях уносяць 14-ы раз.

«Улады хутка рэагуюць на сітуацыю ў Беларусі і змены робяць адмысловыя. Зараз будзе забаронена праводзіць стрымы з несанкцыянаваных масавых акцыяў – гэта простае адсыланне да крымінальнага кейсу журналістак Кацярына Андрэевай і Дар’і Чульцовай», – адзначае Наталля Сацункевіч.

А вось забарону дапамагаць у аплаце штрафаў для ўдзельнікаў пратэстаў улады ўвялі праз дзейнасць фондаў салідарнасці – запэўнівае Наталля Сацункевіч. Гэтак, у панядзелак следчы камітэт распачаў крымінальныя справы датычна сузаснавальнікаў фондаў «BY-HELP» і «BY_SOL» Аляксея Лявончыка і Андрэя Стрыжака і абвесціў іх у міждзяржаўны вышук.

«Паляванне, якое ішло на атрымальнікаў нашае дапамогі, яно і так было па-за законам. Падагналі чарговы «законец» менавіта такім чынам, каб надаць гэтаму выгляд законнасці. Для нас нічога не зменіцца. Мы ўжо некалькі месяцаў працуем пад ціскам», – кажа Аляксей Лявончык.

Збор людзей ці нават выхад аднаго чалавека з мэтаю выказаць сваё меркаванне ці з іншымі мэтамі – ужо лічаць масаваю акцыяй. Для дэмакратычных сілаў на правядзенне гэткіх акцыяў не было аніводнага дазволу з леташняга жніўня.

Каця Малей, «Белсат»