Кіно будзе. Інфляцыя таксама... Першы квартал не пацешыў


Першы квартал года паказаў падзенне эканомікі. А праяўленні бачыць кожны з нас – на паліцах крамаў і на рынку працы. Улады змагаюцца з крызісам на розныя спосабы. Напрыклад, цяпер абмежавалі экспарт злакавых. Чым гэта дапаможа і ці дапаможа?

«Кіна не будзе», калі не ўзновяць аплаты заробкаў працаўнікам айчыннае кінапрадукцыі. Br 5,5 млрд ссуды з лішкаў мінулагодняга бюджэту выдаткуюць «Беларусьфільму» на ўсе віды плацяжоў, у тым ліку падаткаў. Кінастудыя – вынятак. Агулам у культурнай галіне кадравыя скарачэнні 20 %. Скарачаюць пад соусам распачатай Мінкультам «аптымізацыі галіны».

Скарачэнні гадзінаў або працаўнікоў і на шэрагу іншых занятых у эканоміцы арганізацыяў.

«Скарачаецца колькасць уладкаваных ужо не першы год – на дзяржаўных прадпрыемствах. Гэта ўвогуле асобная тэма для размовы», – кажа эканаміст Сяргей Жбанаў.

Скараціўся таксама асартымент харчоў у некаторых крамах – заўважылі неабыякавыя беларусы. Міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Уладзімір Катловіч, аднак, абвяргае весткі пра дэфіцыт:

«Дэфіцыту тавараў у Беларусі няма. У нас адсутнічае інфармацыя аб гэтым. Два-тры тэлефанаванні ў тыдзень, а раней было 300. Захады, якія былі прынятыя, зрабілі сітуацыю адкрытай».

Але закрылі экспарт для групы беларускіх харчоў. Савет міністраў пастановаю № 221 напярэдадні на тры месяцы – амаль да новага ўраджаю – абмежаваў вываз з краіны пшаніцы і мясліну (сумесі пшаніцы і жыта), жыта, ячменю, аўса, кукурузы, грэчкі, проса, трыцікале ды іншых збожжавых.

«Падобныя рашэнні пераследуюць мэту захаваць аб’ем прапановы. А захаванне абʼём прапановы робіцца заўжды толькі з адною мэтаю – збалансаваць яго з попытам і не даць: а) вырасці цэнам і б) утварыцца дэфіцыту», – заявіў эканаміст Сяргей Жбанаў.

Міністр антыманапольнага рэгулявання прызнаў, што кошты на палову тавараў рэгулюе дзяржава, і яе задача цяпер – забяспечыць параметры інфляцыі і стабільнасць працы таварнага рынку. Таваразварот грамадскага харчавання ў першым квартале знізіўся больш як на 8 адсоткаў. У параўнанні з аналагічным перыядам летась на 4,5 % зменшыўся абʼём раздробнага гандлю. Пайшла ў гару стаўка рэфінансавання – на 8,5 %. У лютым гадавая інфляцыя паказала рост на 8,7 %. Кошты ўзляцелі, кажуць менчукі:

«Ды на ўсё! Раней мог сабе дазволіць тое і тое, а цяпер даводзіцца шмат на чым ашчаджаць, канешне».

«Эканомлю на сабе больш. Рост коштаў такі, што не выгадна цяпер нешта набываць. Даводзіцца шукаць, дзе танней, дзе зніжкі нейкія».

«Вось усё, рэальна ўсё даражэе – павольна, павольна, як паліва, па капейчыне».

Паводле звестак «Белнафтахіму», з пачатку года кошты на запраўках у краіне выраслі на 4,3 %.

Юлія Цяльпук, «Белсат»