Беларусь адмовілася ад заходніх вакцынаў. Затое на расейскай можна зарабляць


«Я шмат працую з людзьмі, вымушаны ўвесь час мець зносіны, наведваць медустановы. Думаю, што трэцяя хваля мяне дакладна б зачапіла. Дагэтуль не хварэў, мне пашанцавала, але лепш перастрахавацца», – кажа лекар.

Дагэтуль прышчаплялі толькі медыкаў – расейскаю вакцынаю «Спутнік V». З панядзелка пачалі вакцынацыю кітайскім прэпаратам «Vero Cell». Улады яшчэ ў лютым рапартавалі, што прывітыя 100 % медыкаў, але самыя медыкі сцвярджаюць, што вакцынацыя недастатковая.

«Яна не поўная, не ў той меры, якая неабходная. У нас у найлепшым выпадку, калі браць па Віцебску і Віцебскай вобласці, прывіта недзе 10 адсоткаў медработнікаў», – кажа анестэзіёлаг-рэаніматолаг з Віцебску Расціслаў Савіцкі.

Паводле падпісаных кантрактаў, расейскай і кітайскай вакцыны мы атрымаем усяго для ста трыццаці тысяч асобаў. Гэтага недастаткова для масавай вакцынацыі. Пры гэтым улады адмовіліся ад бясплатных паставак вакцынаў, вырабленых заходнімі кампаніямі. Іх Сусветная арганізацыя здароўя размяркоўвае праз механізм «Ковакс». Напрыклад, ва Украіну ўжо накіравалі больш за мільён вакцынаў. Усяго ж маюць паставіць 16 мільёнаў дозаў! Беларусь магла б атрымаць больш за тры з паловаю мільёны дозаў. Чаму ж адмовіліся?

«Уся схема з вытворчасцю «Спутніка», а цяпер кажуць і пра кітайскую вакцыну, – гэта магчымасць для карупцыйных схемаў. У медыцыне такое вельмі часта адбываецца пры перапакаванні прэпаратаў. Мы бачым вялікую зацікаўленасць нашых чыноўнікаў, самага высокага ўзроўню асобаў, каб вытворчасць вакцыны была ў нас», – кажа журналістка БелаПАН Таццяна Бублікава, якая даследуе тэму вакцынацыі ў Беларусі.

А калі б у беларусаў быў выбар, то якою вакцынаю хацелі б прышчапіцца людзі?

– Выбіраю заходнія.

– Ніякую.

– Увогуле ніякую.

– Думаю, заходнюю.

– Зразумела, што ні расейскую, ні кітайскую.

– Я не прывіваўся б.

– Лепш расейская.

– Я не давяраю вакцынам, – падзяліліся меркаванні менчукоў.

Тым часам дактары канстатуюць, што беларусы пачалі па другім разе, а некаторыя і па трэцім хварэць на Ковід-19.

«Наш імунітэт не здольны трымаць антыцелы да ковіду: або не выпрацоўвае іх увогуле або не здольны іх утрымліваць дастаткова добра. Калі казаць пра паўторныя захворванні, то часцей за ўсё гэта адбываецца ў больш цяжкай форме, атрымліваецца больш цяжкая хвароба», – кажа лекар Расціслаў Савіцкі.

І большая лятальнасць. Цяпер Беларусь перабывае паміж другой і трэцяю хваляю, медыкі чакаюць яшчэ большы, чым дагэтуль пад’ём захворвання.

Вольга Старасціна, «Белсат».