З мараю пра беларускі нейтралітэт можна развітацца


Істотныя змены збіраюцца ўнесці ўлады ў артыкул васямнаццаць Канстытуцыі. Там пералічваюцца прынцыпы, згодна з якімі Беларусь будуе сваю замежную палітыку. Адзін з гэтых прынцыпаў – імкненне да нейтралітэту – можа знікнуць з асноўнага закону. Беларускія ўлады плануюць адмовіцца і ад бяз’ядравага статусу.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Раней другая частка артыкулу васямнаццаць сцвярджала: «Рэспубліка Беларусь ставіць за мэту зрабіць сваю тэрыторыю бязʼядравай зонаю, а дзяржаву – нейтральнай». Пасля зацвярджэння паправак у Канстытуцыю гэтае палажэнне знікне. Яго заменіць новае: «Рэспубліка Беларусь выключае ваенную агрэсію са сваёй тэрыторыі ў дачыненні іншых дзяржаваў».

Варта адзначыць, што з 2014 да 2020 года беларускія дыпламаты заяўлялі, што не хочуць удзельнічаць у супрацьстаянні Расеі з Украінай і краінамі Захаду. Лукашэнка нават імкнуўся зрабіць з Менску цэнтр мірных перамоваў. Але пасля рэпрэсіяў 2020-га на іміджы міратворца быў пастаўлены крыж, а Крэмль стаў асноўным гарантам улады.

«Усе шляхі адрэзаныя, акрамя шляху на ўсход. Дасць Менску Расея што-небудзь наўзамен ці не дасць, ужо не важна. Акрамя ўсходу іншага шляху няма», – тлумачыць вайсковы аглядальнік Аляксандр Алесін.

Знікне і бязʼядравы статус. Лукашэнка ўжо заявіў, што запросіць у Беларусь расейскія ядравыя ракеты, калі амерыканцы перавязуць свае боегалоўкі з Нямеччыны ў Польшчу.

«Гэта значыць, будзе створаная расейская ядравая база пад расейскай юрысдыкцыяй. Другая магчымасць – тут будуць грунтавацца расейскія самалёты: бамбавікі ці знішчальнікі-бамбавікі, якія нясуць на сваім борце ядравую зброю», – разважае Аляксандр Алесін.

Палажэнне аб бязʼядравым статусе і нейтралітэце беларуская Канстытуцыя атрымала ў спадчыну з эпохі, калі Лукашэнка яшчэ не прыйшоў да ўлады. Аднак нейтральнай Беларусь не была ўжо тады.

У снежні 1993-га Менск далучыўся да створанай вакол Расеі Дамовы аб калектыўнай бяспецы. Лукашэнка пасля прыходу да ўлады шматкроць узмацніў вайсковую залежнасць ад Масквы. Вайсковую інтэграцыю прадугледжвае дамова аб стварэнні Саюзнай дзяржавы 1999 года.

Таксама яшчэ ў дзевяностыя Беларусь падпісала з Расеяй Дамову аб стварэнні рэгіянальнай групоўкі войскаў. А ў 2000-х Менск і Масква падпісалі Пагадненне аб стварэнні Адзінай рэгіянальнай сістэмы супрацьпаветранай абароны.

Урэшце, прынцыпам нейтральнасці супярэчаць тры расейскія вайсковыя абʼекты, на якіх служаць паўтары тысячы расейскіх жаўнераў. Гэта вузел сувязі флоту ў Вялейцы, радыёлакацыйная станцыя «Волга» ў Баранавічах і нядаўна створаны цэнтр рыхтавання аддзелаў вайскова-паветраных сілаў і супрацьпаветранай абароны, размешчаны ў Горадні і Баранавічах.

Каля трынаццаці тысяч расейскіх вайскоўцаў прыбылі ў Беларусь у студзені – лютым, калі Крэмль сабраў нябачаную раней групоўку ля ўкраінскіх межаў. Ці здольныя прапанаваныя папраўкі ў Канстытуцыю зберагчы Беларусь ад уцягвання ў канфлікт?

«Любую акцыю, якую Расея вядзе супраць Украіны, можна абвясціць не агрэсіяй, а абарончай акцыяй. Ніхто не скажа ў Маскве, што яны здзяйсняюць агрэсію супраць Украіны. Такім чынам, “дапамагчы” у такой аперацыі Расеі будзе можна», – мяркуе дырэктар даследчага інстытуту «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч.

Як бачым, беларускія ўлады і раней не выконвалі канстытуцыйных палажэнняў аб імкненні да нейтралітэту. Але пасля іх скасавання перашкодаў для ўцягвання краіны ў небяспечныя вайсковыя гульні стала яшчэ менш.

Аляксандр Папко, «Белсат»