Як у Беларусі перад рэферэндумам затрымліваюць актывістаў


Чым бліжэйшы рэферэндум, тым больш затрыманняў. Сёння зранку ў шклоўскай папраўчай установе адкрытага тыпу затрымалі гомельца Георгія Васіленку, ужо асуджанага з палітычных прычынаў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Магчыма, гэта прэвентыўныя затрыманні, якія прадугледжваюць абмежаванне ў свабодзе тых асобаў, якія могуць быць крыніцамі пратэстаў, а магчыма, гэта проста супадзенне, гэта проста новыя крымінальныя справы, новыя крымінальныя пераследы», – разважае юрыст Павел Сапелка.

Георгія Васіленку пакаралі летась за бел-чырвона-белы сцяг, узняты на гомельскай плошчы ў жніўні 2020 (дваццатага) года. Суддзя Сяргей Салоўскі прызначыў яму два гады гэтак званай «хіміі».

Пазаўчора ў Крупках кадэбэшнікі затрымалі магілёўскага актывіста Станіслава Паўлінковіча, у яго правялі ператрус і прымусілі разблакаваць тэлефон. Затрыманне можа быць звязанае з тым, што Станіслаў Паўлінковіч стаў фігурантам крымінальнай справы аб тэрарызме, распачатай супраць бізнесоўца і палітвязня Мікалая Аўтуховіча.

Як паведамляе ініцыятыва «Dissidentby», на «хіміі» таксама затрымалі Дзяніса Граханава, які адбывае пакаранне за надпіс «Не забудзем» на тым месцы, дзе сілавікі застрэлілі Аляксандра Тарайкоўскага.Затрымалі і Юрыя Касцюка, які ўжо адбыў пакаранне за тузанне дзяржаўнага сцяга.

У «Dissidentby» кажуць, што затрымліваюць перадусім тых «палітычных», хто адбывае пакаранне ў папраўчай установе адкрытага тыпу.

«Пакуль іх статус невядомы. Будзе вядома як мінімум заўтра штосьці па іх. Наведванне супрацоўнікаў КДБ працягваецца. Наколькі мне вядома, гэта гомельскі запыт, таму што працуюць на запыт Гомля, і крымінальная справа была ўзбуджаная там», кажа анархістка і праваабаронца Га«Dissidentby» Марына Касінерава.

Супрацаўнікі КДБ і Следчага камітэту прыйшлі да маці Марыны Касінеравай ды без пратаколу забралі асабістую тэхніку. Марына звязвае гэта з тым, што напярэдадні шэраг закрытых тэлеграм-чатаў прызналі экстрэмісцкімі. Сама дзяўчына цяпер за межамі Беларусі.

«У той момант, калі мы з’ехалі, неяк рэгулярна ўсё роўна з’яўляецца інфармацыя, маўляў, прыязджайце, вас чакаюць найлепшыя шконкі, прыязджайце, вы за ўсё адкажаце. Рэгулярна паступаюць такога роду паведамленні на наш адрас. І ў сувязі з нашай актывісцкай дзейнасцю ў Беларусі, і ў сувязі з дзейнасцю дапамогі палітычным вязням». – кажа Марына Касінерава.

У панядзелак амапаўцы прыйшлі да менскага актывіста Леаніда Кулакова. Забралі з дому і адвезлі ў РАУС. Адбылася размова з міліцыянтам.

«Ён перайшоў на хамскую мову, стаў мне «тыкаць». Я кажу: «Слухай, паважаны, я табе ў айцы гаджуся. Навошта ты мне «тыкаеш?» І ён: «Да ты – ніхто, нішто і зваць цябе ніяк. З табой могуць зрабіць усё што хочаш». Я кажу: «Ты – прадстаўнік улады. Ад імя ўлады ты так са мной сябе паводзіш, па-хамску. Мне такая ўлада не падабаецца, не патрэбная мне такая ўлада», – кажа актывіст «Еўрапейскай Беларусі» Леанід Кулакоў.

Пратакол за нібыта дробнае хуліганства Леанід Кулакоў падпісваць адмовіўся. Шэсць гадзінаў яго пратрымалі ў камеры разам з Маей Навумавай – жанчынай, якую затрымалі ў гэты ж дзень. Са словаў сілавікоў, абодвух – перад так званым рэферэндумам.

«Любое ўзмацненне актыўнасці сутыкаецца з рэпрэсіямі ўладаў. І трэба разумець, што і гэты рэферэндум – не выключэнне. Безумоўна, калі пачнецца датэрміновае галасаванне, я думаю, менавіта тады будзе яшчэ большы ўсплёск рознага роду ціску на актывістаў», – лічыць Павел Сапелка.

Як паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна», за год колькасць прызнаных палітзняволенымі ў Беларусі вырасла ў чатыры разы – у лютым 2021 года было 255, а цяпер – 1062.

Надзея Бельская, «Белсат»