Калі расейскія войскі сыдуць з Беларусі?


«Колькі трэба, столькі і будуць тут узброеныя сілы», – такую заяву пра расейскія войскі ў Беларусі зрабіў Лукашэнка на палігоне «Асіповіцкі», назіраючы за вучэннямі «Саюзная рашучасць». А на заўтра анансаваў сустрэчу з Пуціным: «Вось як мы прымем рашэнне, мы заўтра ў Маскве сустракаемся, так і будзе. Што тут нечаканага?»

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

А нечаканае тое, што напярэдадні міністр замежных справаў Беларусі Уладзімір Макей абяцаў зусім іншае.

«Ніводнага вайскоўца, ні адной адзінкі баявой тэхнікі не застанецца пасля гэтых вучэнняў. Пра гэта заяўлена і на ўзроўні Міністэрства абароны, пра гэта сказаў і прэзідэнт Лукашэнка і пра гэта заявіў беларускі бок падчас розных мерапрыемстваў у рамках АБСЕ», – заявіў Уладзімір Макей.

Што вучэнні фінішуюць 20-га лютага, пацвердзіў і міністр замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў. Але падкрэсліў, што не ведае, ці скончыцца эскалацыя канфлікту між Масквой і краінамі Захаду, у тым ліку Украінаю. Лаўроў перакладае віну за напружанне на патэнцыйных праціўнікаў.

«Вось “Politico”, вядомы распаўсюднік звестак пра тое, што адбываецца на расейска-ўкраінскай мяжы са спасылкай на самыя праўдзівыя звесткі, заявіў, што 20 лютага пачнецца тое, што не адбылося ўчора – то бок будзе ўварванне. А Элізабэт Трас, якая нядаўна была ў Маскве, заявіла, што паводле яе ацэнкі нагнятанне напружанасці можа працягвацца месяцамі», – кажа Сяргей Лаўроў.

Украінскі эксперт Алег Жданаў лічыць, што прынамсі ў Беларусі расейскія войскі найхутчэй застануцца назаўжды – пагражаць Еўразвязу і NATO.

«Стратэгічны кірунак Варшава – Берлін, для гэтага патрэбныя ракеты, асабліва “Іскандэр” і “Іскандэр-М”. Бо паводле заявы Расейскай Федэрацыі, “Іскандэр-М” можа прымяняць крылатую ракету з дальнасцю пуску паўтары тысячы кіламетраў. То бок яны фактычна з Беларусі могуць дастаць да Берліну», – кажа Алег Жданаў.

Два іншыя кірункі пагрозаў – Украіна і дзяржавы Балтыі. На думку эксперта, менавіта для сталага размяшчэння ў Беларусі ў вучэннях упершыню задзеялі ракетныя комплексы ды рэактыўную артылерыю вялікай дальнасці і вялікага калібру. А таксама ў Беларусь прыехаў начальнік генштабу Узброеных сілаў Расеі.

«Мэта вучэнняў – праверка баяздольнасці сілаў бяспекі саюзнай дзяржавы. Саюзнай. Гэта кажа пра тое, што з гэтага моманту сістэма кіравання войскамі Рэспублікі Беларусь цалкам пераходзіць пад кантроль генеральнага штабу РФ», – падкрэслівае Алег Жданаў.

Кантроль Масквы над беларускім войскам захаваецца і пасля вучэнняў, лічыць Алег Жданаў. Прынамсі, Лукашэнка кажа пра дамоўленасць пакінуць у Беларусі пасля вучэнняў завезеныя боепрыпасы, пра планаваны вайсковы навучальны цэнтр для асваення расейскіх ракетных комплексаў «Іскандэр» ды нават пра ядравую зброю.

«У выпадку неабходнасці, калі такія бесталковыя крокі зробяць нашыя праціўнікі і супернікі мы размесцім не толькі ядравую зброю, а і звышядравую для таго, каб абараніць сваю тэрыторыю».

У нашых суседзяў заявы Лукашэнкі выклікаюць неспакой, бо яго лічаць не самастойным кіраўніком Беларусі, а марыянеткай Расеі.

«Мы не можам ставіцца да Беларусі як да незалежнай тэрыторыі, а значыць, яна цалкам дасяжная для магчымага перакідання вайсковага патэнцыялу з Расеі, і, вядома, гэта выклікае заклапочанасць», – кажа прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа.

Расейскія войскі ў Беларусі бяруць удзел не толькі ў вучэннях, але і ў дарожна-транспартавых здарэннях. Як на трасе пад Мікашэвічамі, дзе легкавы аўтамабіль заціснула паміж двума вайсковымі «Ураламі».

Ірына Дарафейчук, «Белсат»