Два гады «хіміі» за абразу начальніка ДАІ і іншыя прысуды серады


Летась 9-га траўня ў Бабруйску жорстка затрымлівалі баранавіцкага блогера Змітра Цімафеева. Неўзабаве яго пакаралі 12-цю соднямі Арышту – нібыта за ўдзел у акцыі «Антыпарад». З гэткім выракам блогер не пагадзіўся і падаў скаргу. Да таго ж ён даў інтэрв‘ю для сайту «Магілёўскі рэгіён». Начальнік бабруйскай аўтаінспекцыі Віталь Паддубскі разгледзеў у інтэрв’ю асабістую абразу.

«Вы не працаўнік ДАІ. Вам нельга нават працаваць у органах, я не ведаю… Вы правілаў дарожнага руху не ведаеце», – казаў Зміцер Цімафееў у інтэрв’ю.

За абразу Паддубскага суддзя Наталля Панасенка пакарала Змітра двума гадамі «хіміі» з накіраваннем у папраўчую ўстанову.

«Буду абскарджваць абавязкова, таму што гэта маё жыццё. Што б ні адбылося, гэта замова зверху, і гэта адназначна. Што значыць палітычны – я не ведаю, як разглядаць. Я нязручны», – кажа блогер.

Сёння ў судзе Фрунзенскага раёну Менску разглядалі справу валанцёра выбарчага штабу Віктара Бабарыкі, кіраўніка «Ruin Bar ОК16» Лявона Халатрана. Працэс вядзе суддзя Юлія Блізнюк, пазіцыю дзяржаўнага абвінавачвання падтрымлівае старэйшы памочнік пракурора Павел Папкоў. Лявона вінавацяць паводле сумна вядомага 342-га крымінальнага артыкулу. Нібыта ён перакрываў дарогі ў раёне вуліцаў Куйбышава-Машэрава, перашкаджаў транспарту, выкрыкваў лозунгі і пляскаў у далоні. Пракурор просіць 3 гады хіміі. Лявон віны не прызнае. Прысуд маюць абвесціць у пятніцу 19-га лютага.

«Чалавек, які не выходзіў на вуліцу, як ён можа нешта зрабіць? То бок яго не было. Не выходзіў і нічога супрацьзаконнага не рабіў. Як я магу да гэтага ставіцца? Я стаўлюся да гэтага дрэнна», – не стрымлівае эмоцый жонка Лявона Яна Смаляга.

У Гомлі сёння пракурор запатрабаваў 6 гадоў зняволення для няпоўнагадовага Мікіты Залатарова. За тое, што ён узяў у рукі бутэльку, падобную да «кактэйлю Молатава». Іншым фігурантам гэтай жа справы – Леаніду Кавалёву і Дзмітрыю Карнееву – прысудзілі па 7 і 8 гадоў зняволення. Працягнуць разглядаць справу паслязаўтра.

Надзея Бельская, «Белсат»