Ціск не спыняецца: Вользе Маёравай пагражае пажыццёвае зняволенне, у Менску ліквідавалі «Звяно»


Трывожны сігнал з-за кратаў. Палітзняволенай Вользе Маёравай, якую вінавацяць у тэрарызме, пагражае пажыццёвае зняволенне, пра гэта стала вядома з ейнага ліста да сына. Актывістку затрымалі летась у студзені ў так званай справе Аўтуховіча.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Гэта была так званая справа Мікалая Аўтуховіча, якому інкрымінавалі тэрарызм месяцам раней. Наколькі стала вядома, раней ім інкрымінавалі частку другую артыкулу 289 пра тэрарызм. І літаральна нядаўна яе памянялі на частку 3», – кажа сябар Мікалая Аўтуховіча Сяргей Марцалеў.

Паводле Сяргея Марцалева, які спасылаецца на надзейныя крыніцы, такі ж артыкул інкрымінуюць і самому Мікалаю Аўтуховічу, ветэрану вайны ў Афганістане, якога ўжо двойчы каралі паводле палітычна матываваных абвінавачванняў.

«Я размаўляў з беларускім адвакатам, які не займаецца справай Аўтуховіча. Адвакат мяне пераконваў, што без чалавечых ахвяраў найвышэйшую меру пакарання суд вынесці не можа. Але мы з вамі памятаем, як гэта абыгрываецца ў нашай краіне, бывае так, што цяпер не да законаў – гэта цытата», – кажа Сяргей Марцалеў.

Грамадскае аб’яднанне «Звяно» ліквідавалі за нібыта дыскрэдытацыйную і экстрэмісцкую дзейнасць – Вярхоўны Суд пацвердзіў рашэнне пра ліквідацыю, прынятае гарадскім судом летась у кастрычніку. Заснавальніца і кіраўніца арганізацыі Таццяна Гацура-Яворская падчас паседжання распавядала Вярхоўнаму Суду пра дзейнасць «Звяна».

«Дзе ў нашай дзейнасці экстрэмісцкая дзейнасць? Я паўтарыла там, што не разумею. І ў судзе я не пачула ні ад прадстаўніка Генеральнай пракуратуры, які прысутнічаў, ні ад суддзяў – так і засталося гэта незразумелым», – Кажа Таццяна Гацура-Яворская.

«Звяно» праіснавала 8 гадоў, арганізацыя займалася асветніцкаю дзейнасцю, рэабілітацыяй былых зняволеных, ладзіла выставы, фестываль дакументальнага кіно аб правах чалавека «Ўотч Докс» («Watch Docs») і ўзнагароджвала прэміяй беларускіх рэжысёраў-дакументалістаў. Міністэрства юстыцыі мела прэтэнзіі да маніторынгу «Звяном» працы сістэмы аховы здароўя ў часе пандэміі.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»