10 % – зніжка і 10 % – інфляцыя


Што больш: 10 % зніжкі на 30 тавараў ці 10 % інфляцыі на ўсё? Ад сёння з ініцыятывы Міністэрства антыманапольнага рэгулявання стартавала кампанія дапамогі сацыяльна ўразліваму насельніцтву. Дапамагаць дзесяціадсоткавымі зніжкамі будуць буйныя сеткі крамаў раздробнага гандлю, якім за гэта нічога ня будзе – ні перніка ад дзяржавы, але і ні пугі. Адначасна інфляцыя будзе з’ядаць гэтую дапамогу…

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Калі пенсія – невялікая, то любімая крама – не найбліжэйшая, а тая – дзе танней. Спадарыня Валянціна (імя змененае) набывае харчы ў ГІПА, дзе для пенсіянераў тры дні на тыдні дзеюць сямі-адсоткавыя зніжкі на шырокі асартымент. Цяпер зніжка будзе 10 %, але толькі на 29 пазыцыяў.

«Сыр цвёрды… за выключэннем звышцвёрдых, плаўленых, капчоных, з плеснем, рассольных, з дадаткамі, сырных прадуктаў… Вось пытанне – а што есці? Атрымліваецца, што пенсіянеры – адкіды, з’ямо што дадуць…», – наракае спадарыны Валянціна.

Не кожная смятана ці масла, не любы хлеб. Свініна і ялавічына – на косці. Пярлоўка, троху гародніны, а з сырой садавіны – толькі яблыкі…

З 17-га студзеня ў «ГІПА», «Белмаркеце», «Еўраопце» і яшчэ дзесяці буйных гандлёвых сетках стартавала разлічаная больш чым на паўгады акцыя – 10 % зніжкі на сацыяльна значныя харчы – для пенсіянераў, шматдзетных, малазабяспечаных.

На справе – сёння на зніжку не разлічвайце… Трэба найперш запоўніць анкету, і праз тры тыдні атрымаць адмысловую зніжкавую карту. У адной гандлёвай сетцы можна будзе набыць тавары на Br 288,01 – гэта сума, якая не перавышае памер бюджэту пражыткавага мінімуму.

Менавіта з гэтае прычыны некаторыя гандлёвыя сеткі ў лютым, калі задзее новая зніжка, адмовяцца ад сваіх ранейшых акцыяў. Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю цвердзіць, што рытэйлеры добраахвотна пагадзіліся на ўдзел у кампаніі. Што ставяць пад сумнеў аналітыкі: перамовы ішлі доўга, а маркетолагі не асабліва рэкламуюць новаўводзіну. Эканаміст Сяргей Чалы кажа, што лагічней было б узняць на 10 % дапамогу тым жа пенсіянерам, шматдзетным і малазабяспечаным.

«Але, па-першае, дзяржава разумее, што грошай за кошт бюджэту і кампенсаваць (страты) не атрымліваецца. Па-другое, з інфляцыяй спраўляцца не атрымліваецца, таму даводзіцца змагацца з наступствамі інфляцыі – пры чым не толькі для асобных катэгорыяў грамадзян», – кажа эканаміст

У прыватнасці – за кошт гандлёвых сетак, якія і без таго маюць ня вельмі высокую рэнтабельнасць. І за кошт іншых пакупнікоў.

«Хутчэй за ўсё за тавары, больш даступныя для малазабяспечаных грамадзянаў, заплоцяць тым ці іншым спосабам людзі, для якіх зніжка на тавары не прадугледжаная. То бок для больш багатых інфляцыя спажывецкіх коштаў будзе вышэй», – канстатуе Сяргей Чалы.

Палічаць жа агульную – сыходзячы з росту коштаў на так званы «спажывецкі кошык». Летась інфляцыя склала няпоўныя 10 %, троху больш за 9 % – на сацыяльна значныя тавары.

У першым квартале гэтага года інфляцыя застанецца ў гэтым дыяпазоне – прагназуюць эксперты Еўразійскага банку развіцця.

То бок адміністратыўнае стрыманне коштаў… Сумна яшчэ і тое, што 10-адсоткавая зніжка знікне дп 17 ліпеня, але інфляцыя – застанецца да канца года.

Юлія Цяльпук, «Белсат»