16-гадовага падлетка асудзілі на 8 гадоў турмы памылкова?


Беларусы, якія сумняваюцца ў справядлівасці выраку, змяшчаюць фота ў сацыяльных сетках. Сярод тых, каму не абыякавы лёс хлопца, вядомыя постаці – публіцыст Аляксандр Тамковіч і былыя палітвязні Мікалай Аўтуховіч і Андрэй Бандарэнка.

«Нестыковак вельмі вельмі шмат, і чым глыбей капаешся ў падрабязнасцях тым іх больш. Адметна, што следства з самага пачатку пачало падтасоўваць факты, у судзе пацярпелыя змянялі паказанні», – звяртае ўвагу Мікалай Аўтуховіч.

Мікалай на ўласным досведзе спазнаў ціск судовай машыны

Цяпер ён займаецца гэтай справай у межах сваёй праваабарончай арганізацыі «Тайм акт». Установа дапамагае асуджаным і тым, хто адбывае пакаранне ў месцах пазбаўлення волі. У справе Даната Скакуна ў «Тайм акце» стварылі спіс з 33-ох неадпаведнасцяў, якіх следства не патлумачыла падчас суда.

Што канкрэтна не сыходзіцца?

1. Адбіткаў пальцаў хлопца ні ў кабінеце настаўніцы, ні на нажы, які фігуруе ў справе, не знойдзена. Ёсць толькі адбіткі невядомага мужчыны на дзвярах

2. Данат паспяхова прайшоў працэдуру на паліграфе (дэтэктары хлусні) з вынікам «не мае дачынення» і «не вінаваты»

3. Пацярпелая настаўніца ад працэдуры з дэтэктарам хлусні адмовілася.

4. Бацька Даната – доктар, ён адзін з першых аглядаў хлопца ў школе і не знайшоў ніякіх слядоў крыві на чыстым і сухім адзенні сына. Гэта пацвярджаецца і іншымі сведкамі. Але амаль праз год, у судзе, на кашулі з’явілася кроў.


«Шмат пытанняў па іншай асобе, міліцыянеры, які прыехаў у школу і дапамагаў параненай настаўніцы ўставаць, загружаў яе ў хуткую, дакранаўся да яе, ён быў запэцканы крывёй і ён жа неўзабаве праводзіў вобшук Даната, але ў судзе ён адмаўляецца ад таго факту, што праводзіў вобшук», – сведчыць спадар Аўтуховіч.

Гісторыя канфлікту

Адвакаты і бацькі Даната кажуць, што ёсць і цэлы шэраг іншых несупадзенняў, але ўсе асобы, якія мелі датычнасць да працэсу, далі падпіску аб неразгалошванні. Пра што кажуць адкрыта, дык гэта пра пацярпелую настаўніцу. Вядома, што ёй былі не задаволеныя бацькі амаль усіх дзяцей з класу Скакуна. Са скаргамі на педагога яны нават звярталіся да дырэктаркі гімназіі ды ў раённы аддзел адукацыі, але рэакцыі не дачакаліся.

«Пацярпелая пастаянна змяняла паказанні, таму даверу да іх няма. А ўвесь працэс быў пабудаваны менавіта на словах пацярпелай. Таму верым, што Вярхоўны суд разбярэцца ў справе, і сын мой у гэта верыць», – дзеліцца Алена Зянковіч, маці Даната.

Суд і следства разбяруцца?

Аднак варта памятаць статыстыку. У Беларусі на 400 асуджаных прыпадае 1 апраўданы. Шанец падсуднага выйсці з залы суда свабодным чалавекам – 0.25 %. Нават у суседніх Расеі ды Украіне гэтыя паказнікі вышэйшыя ў амаль тры і чатыры разы адпаведна.

Ігар Кулей, «Белсат», фота: people.onliner.by