Што будзе з пенсіямі ў 2022 годзе?


Таццяна Зялко пайшла на пенсію ў 1994 годзе, калі Аляксандр Лукашэнка распачынаў карʼеру. Памер ейнай пенсіі заўжды залежаў толькі ад ягоных рашэнняў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Згублены інстытуцкі стаж, але ён цяпер і не лічыцца. Потым, што я ў Нямеччыне не працавала, але меліся палічыць, як жонцы ваеннага. Двойчы ў дэкрэтным – у Нямеччыне і ў Беларусі – таксама не ўвайшло», – распавяла спадарыня Таццяна.

Праз адсутнасць некаторых даведак з іншых краін пражывання, залічылі жанчыне толькі 15 з 25 гадоў працоўнага стажу… Колішняя банкаўская працаўніца падлічыла, што ейная пенсія сярэдняя – Br 394 рублі. Хоць паводле падлікаў Міністэрства працы – сярэдняя па краіне – Br 545 рублёў.

Гэтаксама паводле дзяржаўнай версіі – працаўнікі толькі 1 % выдаткоўваюць у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Яшчэ 35 %, 29 % з якіх ідзе на пенсіі – плоціць іхны наймальнік. Варта заўважыць, што апошні папросту не залічвае гэтыя грошы ў заробкі.

«Стала быць я павінная ведаць, дзе яны будуць працаваць, куды яны ўклалі гэтыя грошы? А я не ведаю, што заўтра… Вы бачыце – у нас нестабільная эканоміка, у нас няма нармальнай Фондавай біржы. А куды ў нас у дзяржаве можна ўкласці гэтыя грошы?» – дзівіцца пенсіянерка.

Абраць самому банк ці фонд, як гэта робіцца ў шматлікіх дзяржавах свету – беларусам не даюць магчымасці. Замест гэтага ў новым годзе ў добраахвотным парадку прапанавана плаціць яшчэ 1-10 % зверху ад свайго заробку для назапашвальнай пенсіі. Працадаўца дадасць яшчэ 3 %.

Акадэмічная дырэктарка «BEROC» Кацярына Барнукова:

«Хацелася б пабачыць накапляльны кампанент з тых узносаў якія ўжо ёсць. Але як я казала, зноў жа ён ніякіх праблемаў сёння не вырашыць, а наадварот створыць новыя. Таму што калі мы частку ўзносаў сёння патрацім не на сённяшнія пенсіі, а на нашыя накапленні, то ўзнікне пытанне – з чаго плаціць сённяшнім пенсіянерам».

З 9,4 млн жыхароў Беларусі – 2,5 млн – пенсіянеры, за ўтрыманне якіх плоцяць працоўныя. Праблема ў тым, што такая сістэма эфектыўная толькі пры дэмаграфічным росце, якога ў Беларусі няма.

У агульнай суме сацыяльных выдаткаў пенсіі займаюць 8,6 % адносна ВУП. Амаль як адукацыя і ахова здароўя разам узятыя. Ці як даходы дзяржавы ад раздробнага гандлю.

Пры гэтым жыць на пенсію і па магчымасці працаваць плануюць больш 70-ці адсоткаў насельніцтва і толькі 16 % на зберажэнні – паказала апытанне IPMBEROC». Кацярына Барнукова кажа:

«У нас многія пакаленні сутыкаліся з тым, што іхныя доўгатэрміновыя зберажэнні не захоўваліся, згаралі, знікалі нейкім іншым чынам, таму папросту няма веры ў такія спосабы».

Людзі плоцяць узносы і чакаюць рэформы пенсійнай сістэмы, каб мець большыя і дыферэнцыяваныя пенсіі – згодна з якасцю працоўнага стажу.

«Прычым пенсію трэба ўдасканаліць спачатку менавіта салідарную – на сённяшні дзень і далей – толькі калі эканоміка падыдзе да пэўнага ўзроўню. Вось гадоў 10-12 таму можна было пачынаць нешта рабіць, але мы гэты момант упусцілі», разводзіць рукамі Таццяна Зялко.

На 2022 эканамічна няпэўны год бюджэт ФСАН дэпутаты прынялі ў памеры, на 9,6 % вышэйшым за сёлетні і пераконваюць, што ў гэтым «запасе» улічаныя ўсе рызыкі. Хоць толькі названая дзяржаваю інфляцыя мае скласці 6 %.

Юлія Цяльпук, «Белсат»