Распачаўся суд над блогеркай Вольгай Такарчук


У судзе Заводскага раёну Менску пачаўся судовы працэс над блогеркай Вольгай Такарчук. На сваім ЮТ’юб-канале яна шчыра распавядала пра паслявыбарчыя падзеі ў Беларусі і дзялілася ўласным меркаваннем аб актуальным.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Абраза суддзі», «паклёп» і «дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак» – гэтыя артыкулы ставяць у віну палітзняволенай. Паводле Следчага камітэту, Такарчук актыўна ўдзельнічала ў маршах пратэсту. Таксама блогерку вінавацяць у тым, што ў відэароліках на «Ю-Тюбе яна нібыта ганьбіць сацыяльнага педагога адной з гімназіяў Берасцейскай вобласці ды абражае суддзю.

«Яна маленькі смелы чалавечак, які, нягледзячы на тое, што ўжо ездзілі аўтазакі, ужо забіралі, ужо давалі тэрміны, яна працягвала заставацца ўнутры краіны і размаўляць з YouTube, – там, дзе яшчэ можна было размаўляць», – кажа палітычная блогерка Таццяна Мартынава.

Вольгу Такарчук трымаюць за кратамі ўжо больш за паўгода. Дома яе чакаюць двое непаўналетніх дзяцей. Падтрымаць Вольгу ў такі цяжкі час вырашылі беларускія журналісты і блогеры.

«Гэта трэба быць абсалютным баязліўцам, каб маці двух дзяцей судзіць паводле абсалютна выдуманых артыкулаў. Яе проста незаконна ўтрымліваюць. Сапраўды гэтак жа, як і ўсіх зняволеных паводле палітычных артыкулаў», – пракаментаваў вядоўца «Радыё 97» Макс Морысан.

«Зычу Вользе сілаў, стойкасці, і верым, што ўсё гэта хутка скончыцца, праўда за намі», – кажа гарадзенскі журналіст Руслан Кулевіч.

Тым часам, стала вядома, што пракуратура Беларусі распачала крымінальную справу супраць блогера Андрэя Павука. Яго абвінавачваюць у публічнай абразе работніка пракуратуры. Нагодаю палічылі відэаролік блогера на YouTubе-канале.

«Дык на ўсіх цяпер, на ўсю грамадскую супольнасць ціснуць, бо рэжым прайграў, гэта катастрофа для яго. Усё, больш метадаў няма. Гэта ведаеце, як п’яны сусед, якому не даюць пахмяліцца, ён бярэ ружжо і ўсіх у двары шантажуе», – каментуе блогер Андрэй Павук.

Заўтра агучаць прысуд яшчэ аднаму вядомаму беларускаму блогеру і грамадскаму дзеячу – Эдуарду Пальчысу. Яго судзяць паводле чатырох артыкулаў. Агульны тэрмін у гэтых справах – каля дваццаці гадоў.

«Няма ніякай прычыны прызначаць такія жорсткія пакаранні – акрамя таго, як жадання зацвердзіць і ўмацаваць сваю палітычную ўладу. Гэта не разважанне з галіны права, а абсалютна палітычна матываваныя справы», – лічыць юрыст праваабарончага цэнтру «ВЯСНА» Павел Сапелка.

Апошнім часам «беларускае правасуддзе» сапраўды шакуе судовымі тэрмінамі. 18 гадоў – Сяргею Ціханоўскаму, 16 – Дзмітрыю Папову і Арцёму Сакаву, 15 гадоў – Ігару Лосіку.