Менск шукае, як абысці санкцыі і ўзяць грошай у Расеі


Беларускі рэжым шукае магчымасці для абыходу заходніх санкцый. На пашыранай нарадзе Аляксандр Лукашэнка заявіў, што адказнасць за вырашэнне праблем, звязаных з санкцыйным ціскам, будуць несці губернатары. Нязгодным з ягонай палітыкай дыктатар рэкамендаваў эміграваць у Літву і Польшчу. А для нейтралізацыі санкцыйнага ўплыву афіцыйны Менск мае намер папрасіць у Расеі 3,5 мільярда долараў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Заходнія санкцыі для Беларусі пакуль не крытычныя, але будуць узмацняцца. Таму галоўнае пытанне пашыранай нарады ў Лукашэнкі – як абысці санкцыйны ціск.

«Хацеў бы пачуць сёння не столькі ацэнкі магчымых наступстваў, гэта вы ўмееце рабіць, колькі прапановы мінімізацыі і захады ў адказ, якія вам было даручана падрыхтаваць», – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Фінансы, экспарт прадукцыі і імпарт тэхналогіяў – вось тыя сферы, па якіх могуць ударыць санкцыі. Але найбольшую занепакоенасць Менску выклікае дзярждоўг. У бліжэйшыя два гады Беларусі трэба выплаціць амаль 8 мільярдаў долараў. Праз санкцыі ЗША Менск можа сутыкнуцца з праблемамі рэфінансавання. Грошы хочуць прасіць у Масквы.

«Агульная сума запытаных сродкаў – $ 3,5 млрд, што дазволіць кампенсаваць для рэфінансавання доўгу еўрапейскія грошы, якія выпадаюць», – заявіў віцэ-прэм’ер Мікалай Снапкоў.

«Беларусь не можа нідзе больш атрымаць крэдытаў, акрамя Расеі. Ну, а гэта добрая нагода, каб папрасіць у Расеі», – адзначае палітолаг Валер Карбалевіч.

У нарадзе ўдзельнічаюць міністры, кіраўнікі шэрагу дзяржпрадпрыемстваў і кіраўнікі вобласцяў. Лукашэнка заявіў, што цэнтр цяжару ў рашэнні праблемаў, выкліканых санкцыямі, пакладзецца менавіта на гэтак званых губернатараў. А кіраўнікам, якія займаюць, цытата, «антыдзяржаўную пазіцыю», то бок не падзяляюць поглядаў самога Лукашэнкі, ён прапанаваў эміграваць.

«Унутры дзяржапарату не так добра, як хацелася б Лукашэнку. Ёсць прыхаванае апаніраванне, гэта складана назваць апазіцыяй: людзі не падзяляюць лініі, якая праводзіцца сёння Аляксандрам Лукашэнкам», – мяркуе Валер Карбалевіч.

Пакуль жа Беларусь паспяхова знаходзіць лазейкі ў заходніх санкцыях. За першыя паўгода амаль у два разы вырас экспарт тавараў у краіны Еўразвязу. А «Літоўская чыгунка» працягвае транспартаванне беларускіх калійных угнаенняў, хаця «Беларуськалій» – у чорным спісе Злучаных Штатаў.

«Лазеек у санкцыйным рэжыме не павінна быць. Мы правяраем, ці зʼяўляюцца яны, гэта пастаянны працэс. Санкцыі мусяць быць эфектыўныя. Беларуская сітуацыя паказала, наколькі эфектыўным можа быць Еўразвяз, калі мы дзейнічаем хутка і супольна», – заявіла кіраўніца Еўракамісіі Урзуля Фон Дэр Ляен.

Пяты пакет санкцыяў супраць афіцыйнага Менску Еўразвяз увёў на пачатку снежня. Як адказ на міграцыйны крызіс на межах Еўразвязу, арганізаваны рэжымам Лукашэнкі.

Антон Каменскі, «Белсат»