«Інтарэсы Каталіцкага Касцёлу ў Беларусі былі ўзятыя ў закладнікі»


180 дзяржаваў. Дыпламатычныя стасункі на розных узроўнях з такою колькасцю краінаў падтрымлівае Ватыкан. Сярод іх – Беларусь.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Сёння з нагоды трыццатых угодкаў дыпламатычных стасункаў Святы пасад выпусціў марку коштам у адно еўра і дваццаць пяць цэнтаў. Да гадавіны ўсталявання дыпламатычных дачыненняў Менск і Ватыкан днямі абмяняліся пасланнямі. Ведамства Уладзіміра Макея адзначыла, што дзяржавы здолелі пабудаваць «трывалую супрацу, аснаваную на глыбокай павазе». А гэта – фрагмент паслання Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Антэ Ёзыча:

«Нягледзячы на цяперашнія цяжкасці і шэраг праблемаў, якія патрабуюць узважанага падыходу і канкрэтных неадкладных рашэнняў, Святы Пасад па-ранейшаму застаецца адкрытым да рэалізацыі супольных з Рэспублікай Беларусь намаганняў, скіраваных на падтрыманне грамадзянскай супольнасці, дапамогу тым, хто жыве ў нястачы і цярпіць, на забеспячэнне міру, стабільнасці, дабрабыту і захаванне правоў усіх грамадзянаў».

Паводле публіцыста Арцёма Ткачука, пасланне Ёзыча сведчыць пра даволі сур’ёзныя супярэчнасці паміж бакамі:

«Гэтае выказванне ўсё-такі паказвае, што Апостальская сталіца цалкам не закрывае вочы на ўсе праблемы, якія ёсць, не дастасоўваецца цалкам да рэжыму, не збіраецца губляць сваёй ролі як актара».

Затрыманні ды арышты святароў, пазбаўленне вернікаў малітвы ў Чырвоным касцёле, забарона выконваць духоўны гімн «Магутны Божа», перашкоды для ўезду ў Беларусь арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча. Гэта толькі некалькі прыкладаў ціску з боку рэжыму на Касцёл.

«Пасля сітуацыі з арцыбіскупам Кандрусевічам гэта была першая сітуацыя, калі інтарэсы Каталіцкага Касцёлу ў Беларусі былі ўзятыя ў закладнікі», – кажа юрыст, эксперт у галіне міжнародных адносінаў Мікалай Пачкаеў.

Беларусь – краіна, дзе каталікі – другая паводле колькасці вернікаў канфесія. Але за трыццаць гадоў Ватыкан і Беларусь так і не падпісалі канкардату – дамову, якая б рэгулявала прававое становішча Рымска-каталіцкай царквы ў нашай краіне і дачыненні з Ватыканам. Не дачакаліся за гэтыя гады і візіту Папы ў Беларусь. Ватыкан не хоча абвастраць стасункаў з Масквою, кажа Арцём Ткачук:

«Яны глядзяць на Беларусь праз прызму Масквы, на жаль, так ёсць, і яны разумеюць, што РПЦ будзе незадаволеная візітам. Гэты экуменічны дыялог, які існуе, усе гэтыя сустрэчы, увесь гэты дыялог пагоршыцца».

Сам Лукашэнка, дарэчы, запрашаў Папу Францішка ў Беларусь. Але далей за пратакол запрашэнне не пайшло. Усяго ж Лукашэнка разам з малодшым сынам на аўдыенцыі ў Папы былі двойчы: у 2009-ым з падарункамі прыехалі да Бэнэдыкта 16-га. А праз 7 гадоў – да Папы Францішка.

Паводле Мікалая Пачкаева, Ватыкан не мае самастойных сродкаў уплыву на рэжым, але можа пэўным чынам лабіяваць свае інтарэсы ў заходніх краінах, каб тыя ўлічвалі меркаванне Святога пасаду пры ўзгадненні тых жа санкцыяў. Хоць цяпер санкцыі ўводзяцца перадусім за суўдзел Лукашэнкі ў вайне супраць Украіны, а не за рэпрэсіі ў Беларусі.

Алесь Яшчанка, «Белсат»