Вымушаныя перамовы


Пасля размовы з Ангелаю Мэркель у справе міграцыйнага крызісу Аляксандр Лукашэнка тэлефанаваў кіраўніку Крамля, якога ў Еўропе лічаць суарганізатарам гібрыднае атакі на беларуска-польскім памежжы. Масква перамовы вітае, як і краіны Захаду. Але апошнія – паслядоўна дзеюць у санкцыйнай палітыцы. Еўрапейцы пашырылі кола крытэраў для прыняцця чарговых захадаў. ЗША – анансавалі чарговыя санкцыі супраць беларускага палітычнага рэжыму.

Аляксандр Лукашэнка правёў 50-хвілінную размову з Ангелаю Мэркель, якая выконвае абавязкі канцлера Нямеччыны. Гэта першы кантакт з прадстаўніком заходняе дзяржавы пасля леташніх прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Кацярына Глод, Цэнтр аналізу еўрапейскай палітыкі, ЗША:

«Нямеччыну і Мэркель палякі і ўвесь Еўразвяз увялі ў зман, што гуманітарную дапамогу ўцекачы не атрымліваюць і прычынаю таму Беларусь».

Перад аднадумцамі Лукашэнка крытыкаваў Польшчу, Літву і Латвію за фэйкі пра Беларусь і інтрыгаваў: прадстаўніца Еўразвязу атрымала ад яго прапанову, што да развязання крызісу на мяжы. Стэлефануюцца зноў.

Перамовы распачаліся паводле двухбаковай зацікаўленасці, лічыць палітолаг Цэнтру аналізу еўрапейскай палітыкі (ЗША) Кацярына Глод: «Гэта праблема для ўсяго Еўразвязу. У першую чаргу яны думаюць пра людзей, якія гінуць ад галечы, ад холаду, ад таго што ў іх няма ежы. І канешне Еўразвяз хоча паказаць свае каштоўнасці».

Па-другое, сітуацыя на мяжы пачала выходзіць з-пад кантролю Лукашэнкі – лічыць Кацярына Глод:

«Не ўсё кантралююць беларускія службы. Ёсць і прыватныя каналы, праз якія праходзяць мігранты і канешне для Лукашэнкі гэта крызіс, які можа якраз стаць балючым месцам для яго самога. Бо мы ведаем, што грамадства ў Беларусі таксама незадаволенае».

Еўропа не раз падкрэслівала, што прыняла б уцекачоў, не будзь гэтая плынь штучна створанаю ў адказ на ўведзеныя сёлета санкцыі Еўразвязу супраць рэжыму Лукашэнкі. Пётр Мілер, прэс-сакратар польскага ўраду:

«Мы гатовыя да таго, што гібрыдная атака, арганізаваная Беларуссю са згоды Расеі зацягнецца на доўгія месяцы, і таксама зімні перыяд».

Таму замест стварэння для мігрантаў гуманітарнага калідору ў Еўропу, на якім настойваюць Менск і Масква, Польшча рыхтуе інфраструктуру для пражывання і працы на мяжы ейных ахоўнікаў. І стрымлівае спробы яе штурму. Напярэдадні адбылася таксама тэлефонная размова прэзідэнтаў Расеі і Францыі, пасля якой кіраўнік Крамля заявіў, што «мы не маем з гэтым нічога супольнага (з міграцыйным канфліктам – заўв. Рэд).

«Не разумець таго, што яны парушаюць усе магчымыя і немагчымыя правілы міжнароднага гуманітарнага права і іншых дамоўленасцяў сусветнай супольнасці, яны не могуць», – заўважыў кіраўнік МЗС Расеі Сяргей Лаўроў.

Еўразвяз гатовы даць гуманітарную дапамогу нелегальным мігрантам і вярнуць іх у краіны, з якіх прыбылі – заявіў вярхоўны прадстаўнік ЕЗ у замежных справах і палітыцы бяспекі Жузэп Бурэль.

У аўторак Рада Еўразвязу прымае генсакратара НАТО Енса Стольтэнбэрга. Польшча, Літва і Латвія звярталіся да альянсу напярэдадні ў справе распачацця кансультацыяў, што да магчымай дапамогі ў абароне мяжы Еўразвязу.

«Мы вельмі ўважліва сочым за гэтым і салідарныя з Польшчай і іншымі пацярпелымі саюзнікамі. Мы таксама гатовыя працягваць падтрыманне і цесна кансультавацца з зацікаўленымі саюзнікамі», – заявіў Енс Стольтэнбэрг.

На фоне паглыблення крызісу ЗША заявілі пра рыхтаванне чарговых санкцыяў супраць беларускага рэжыму. Старэйшы дарадца Офісу Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка патлумачыў:

«Амерыканскія санкцыі дзеюць так, што ты не можаш праводзіць аперацыі ў доларах. Некаторыя могуць дзеяць, як другасныя. Значыць накладаюцца не толькі на тых, хто пад санкцыямі, але і на тых хто супрацоўнічае з тымі хто пад санкцыямі. Таму нават калі ЗША ўвядуць санкцыі супраць тых жа фірмаў, што еўрапейцы, эфект павялічыцца ў 3-4 разы».

Пра пашырэнне санкцыяў заявіў таксама таксама Еўразвяз. Калі раней іх уводзілі за парушэнні правоў чалавека ўнутры Беларусі, то цяпер – і за пагрозу Еўропе ў выглядзе нелегальнай міграцыі. Прыхільнік санкцыяў – кіраўнік НАУ Павел Латушка сёння заявіў у Варшаве на прэсавай канферэнцыі для замежных медыяў:

«На вачах усёй Еўропы – падмацаваны дакументамі факт агрэсіі супраць усяго Еўразвязу».

Паводле Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, Лукашэнка імкнуўся да таго, каб прывесці да канфлікту, атак і штурмаў на мяжы.

Юлія Цяльпук, «Белсат»