Са здароўем усё дрэнна


Як у вас са здароўем? Здавалася б, у часы пандэміі гэтае пытанне набывае асаблівае значэнне і вагу. Між тым, паводле айчынным і замежных медыкаў, са здароўем у беларусаў усё дрэнна не толькі з-за каранавірусу.

Беларусаў косіць не толькі каронавірус, але і наступствы далёка не ідэальнага ладу жыцця. Міністэрства аховы здароўя разам з Еўрапейскім рэгіянальным бюро Сусветнай арганізацыі здароўя апублікавалі вынікі маштабнага даследавання распаўсюджанасці фактараў рызыкі неінфекцыйных захворванняў STEPS 2020. Высновы, зробленыя даследнікамі, гавораць самыя за сябе.

«У Рэспубліцы Беларусь назіраецца высокая распаўсюджанасць фактараў рызыкі неінфекцыйных захворванняў і, як вынік, высокі ўзровень захворвальнасці, інвалідызацыі і смяротнасці, выкліканых гэтымі хваробамі», – гаворыцца ў дакладзе STEPS 2020.

Сёлета параўнальны аналіз упершыню зладзілі па рэгіёнах Беларусі: усе вобласці плюс асобна Менск. Гэткі падыход, акрамя агульных праблемаў са здароўем у беларусаў, выявіў і рэгіянальныя асаблівасці. Гэтак, самыя дрэнныя зубы – у жыхароў Гомельшчыны, раней за ўсіх пачынаюць паліць на Гарадзеншчыне, а на Берасцейшчыне найменш ядуць садавіны і гародніны.

«Весці здаровы лад жыцця не так і дорага. Аднак наш клімат не дазваляе круглы год есці садавіну і гародніну, а купляць іх у краме ўвесь час – гэта дорага. І куды прасцей купіць менш здаровую ежу. І, на жаль, многім нават прасцей купіць алкаголь, бо ён танны і дасяжны, і атрымаць энергію з алкаголю, не выдаткоўваючы на ежу», – тлумачыць лекарка Вольга Садоўская.

Паводле лекаркі, многія беларусы сёння думаюць найперш пра тое, як выжыць: як зарабіць грошай і пракарміць сваю сям’ю, заплаціць рахункі – і на нейкія дадатковыя выдаткі ўжо нічога не застаецца.

«На жаль, у беларусаў здароўе не з’яўляецца той найвышэйшай каштоўнасцю, якой яно з’яўляецца ў людзей заходняга свету. І дзяржава не стымулюе і ўсім сваім выглядам і сваімі дзеяннямі паказвае, што ані жыццё чалавечае, ані здароўе беларуса не з’яўляюцца найвышэйшай каштоўнасцю», – канстатуе Садоўская.

Канешне ж, даецца ў знакі і тая атмасфера гвалту і несправядлівасці, якая літаральна захлынула Беларусь з лета 2020 года, дадае палітык Вольга Кавалькова. Ці варта пры гэтым дзівіцца, што менавіта ў Менску сёння жывуць самыя дэпрэсіўныя беларусы, якія да таго ж і п’юць алкаголю ды паляць цыгарэтаў больш за астатніх суграмадзянаў?

«У людзей сёння няма магчымасці аніякай камунікацыі адзін з адным. Яны не могуць каментаваць, абменьвацца думкамі. Яны выдаляюць ліставанне з людзьмі, хоць неяк датычнымі да палітычнага жыцця краіны. Яны не могуць выйсці на вуліцу і падзяліцца сваім пратэсным настроем. Таму, я думаю, людзі і шукаюць замену ў гэткіх рэчах, як алкаголь», – кажа Кавалькова.

Яшчэ адзін фактар, які негатыўна ўплывае на здароўе беларусаў, заўважае лекарка Вольга Садоўская, – гэта… нізкая даступнасць медычнай дапамогі, як бы ўлады ні запэўнівалі ў адваротным.

«Па факце, мы бачым вялікія чэргі, каб трапіць да вузкага спецыяліста. Цяпер мы бачым агромністую нястачу медычных працаўнікоў: вось на сёння з’явіліся лічбы, што ў Менску не стае 1700 медычных працаўнікоў! Гэта сведчыць пра тое, што прафілактычныя захады, якія перадухіляюць хваробы, спазняюцца – і захворванні фіксуюць ужо на той стадыі, калі патрэбнае нейкае лекаванне», – кажа Садоўская.

Зрэшты, хоць у нечым нашае здароўе ўсё-ткі залежыць ад нас саміх. Да прыкладу, фізічна актыўны адпачынак, які сёння ў Беларусі амаль у паловы жыхароў банальна адсутнічае.

Валера Руселік, Белсат