Мільярд ад МВФ для Лукашэнкі

Беларусь не зможа абналічыць 923 мільёны долараў, якія выдаткаваў Міжнародны валютны фонд на барацьбу з наступствамі каронавіруса. Прынамсі гэта забяспечаць еўрапейскія банкі, абяцаў вярхоўны прадстаўнік ЕЗ па вонкавай палітыцы і бяспецы Жузэп Бурэль. Ці азначае гэта блакаванне грошай для рэжыму Лукашэнкі агулам?

Мільёны долараў у SDR ад МВФ Беларусь не здолее абмяняць на рэальныя грошы ў цэнтрабанках Еўразвязу, бо гэта парушае еўрапейскія санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі. Пра гэта прадстаўнік Еўразвязу ў замежнай палітыцы і бяспецы Жузэп Бурэль паінфармаваў Паўла Латушку.

«Мы працягваем працу ў поўным блакаванні для рэжыму SDR-рахунку ў МВФ, праз які рэжым атрымаў 1 мільярд долараў ЗША, і чакаем аналагічнага падыходу з боку ЗША», – заявіў кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка.

SDR – гэта не банкноты і золата, а спецыяльныя правы пазычання, створаныя Міжнародным валютным фондам у якасці дапамогі ў барацьбе з каронавірусам. Агульны іх аб’ём – 650 мільярдаў долараў. Беларусі з гэтае сумы на барацьбу з ковідам вылучылі 923 мільёны долараў. Рашэнне МВФ прыняў летась у жніўні на фоне масавых пратэстаў супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Дэмакратычныя лідары тады заклікалі скіраваць гэтыя сродкі для грамадзянскай супольнасці і не даваць да іх доступу Лукашэнку.

Перавесці іх у рэальныя грошы краіна-чалец МВФ можа ў цэнтрабанку любой краіны. Закрыццё еўрапейскіх банкаў не азначае, што Беларусь не здолее канвертаваць SDR у грошы ў іншых краінах, лічыць эканаміст Яраслаў Раманчук: «У беларускіх золатавалютных рэзервах больш за 4 мільярды кэшу, больш за 3 мільярды золата, таму SDR не маюць такой страшэнна важнай вагі, каб нейкім чынам паўплываць на паводзіны Лукашэнкі або казаць аб тым, што вось-вось абрынецца беларускі рубель».

Эканаміст нагадвае, што нягледзячы на еўрапейскія санкцыі, беларускі экспарт у краіны Еўразвязу сёлета ўзрос амаль удвая. Не зважаючы на актывізацыю замежнага гандлю, флагманы беларускай эканомікі назапасілі рэкордную колькасць даўгоў – сто шэсцьдзясят два мільярды семсот восемдзясят тысяч рублёў. Гэта больш як на 4 мільярды болей, чым спрагназаваны ў 2021 годзе ВУП Беларусі.

«Менавіта адсюль трэба чакаць непрыемнасцяў для беларускай эканомікі. 500 колькасць дрэнных крэдытаў і дрэнных актываў прадпрыемстваў будзе расці, але гэта будзе як снежны ком, як лавіна на пачатку 22-га года, калі рэальныя санкцыі пачнуць дзейнічаць, а не тыя, што мы бачым сёння», – мяркуе Яраслаў Раманчук.

Санкцыі Еўразвязу пачнуць дзейнічаць ужо ў снежні. Пад іх трапілі калійная, нафтавая і тытунёвая прамысловасць Беларусі, а таксама банкаўскі сектар, чыноўнікі і сілавікі.

Антон Каменскі, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама