МЗС Ізраілю: чацвёра беларусаў загінулі падчас атакі ХАМАС


Чацвёра грамадзянаў Беларусі загінулі ў выніку тэрарыстычнай атакі ХАМАС на Ізраіль. Звесткі апублікавала МЗС Ізраілю. Замежнае палітычнае ведамства Ізраілю не ўдакладніла, ідзе гаворка пра нарадзінцаў Беларусі з ізраільскім грамадзянствам або пра турыстаў. Афіцыйны Менск ніякай заклапочанасці не выказвае.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Паколькі Лукашэнка вырашыў пакуль не выказвацца на гэтую тэматыку, напэўна, ён вырашыў для сябе, што нельга пагаршаць з аднаго боку адносіны з Ізраілем, а з другога боку, калі ён выкажацца нават нейтральна, гэта можа не спадабацца іранскім партнёрам. Гэта можа не спадабацца арабскім краінам», – тлумачыць сітуацыю гісторык і палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман.

Гэтак сама няма інфармацыі і пра арганізацыю эвакуацыйных рэйсаў: ні для беларусаў, ні для расейцаў.

«І Расея, і Беларусь паказваюць у гэтым выпадку: вы чужыя, вы не нашы, мы нічога для вас рабіць не жадаем. Вы апынуліся ў такіх умовах? Гэта вашыя праблемы. Жадаеце з’ехаць адтуль? Знаходзьце варыянты. Мы гэтым займацца не будзем», – кажа Аляксандр Фрыдман.

Не прапаноўваюць якой-кольвек дапамогі і ў амбасадзе нашай краіны ў Ізраілі. Пра гэта «Белсату» распавяла грамадзянка Беларусі ды Ізраілю, журналістка сайту «detaly.co.il» Дарʼя Гершберг. У афіцыйнае прадстаўніцтва звярталася яе 72-гадовая маці.

«Не спыталіся, як яна. Не спыталіся, як у вас справы. Можа, вам нейкая патрэбная дапамога: можа, не эвакуацыя, а там нейкія грошы, псіхалагічная дапамога, нешта іншае. Усё тое, што робяць іншыя краіны. Сказалі, эвакуацыі ніякай няма, нічога сказаць мы не можам вам. Усё, дасвідос», – распавядае Дарʼя Гершберг.

Жанчыны жывуць у Хайфе, што за 40 кіламетраў ад мяжы з Ліванам. Там байцы Цахалу распачалі эвакуацыю мірных жыхароў у глыбіню краіны. У план эвакуацыі залучаныя 28 грамадаў, размешчаных у двухкіламетровай зоне ўздоўж мяжы, сярод іх – Мэтуля, Шлёмі, Мэнара, Штуля, Рош-ГаНікра ды іншыя. Паводле ізраільскіх вайскоўцаў, Іран даў распараджэнне кантраляванаму ім руху «Хізбула» аб нанясенні ўдараў па тэрыторыі Ізраілю.

Разбураныя ізраільскімі авіяўдарамі будынкі ў лагеры для палестынскіх бежанцаў у горадзе Газа, сектар Газа. 11 кастрычніка 2023 года.
Фота: Yahya Hassouna / AFP / East News

«Я жыву тут, горадзе Кір’Ят-Шмана ўжо 30 гадоў, і мы ўвесь час пакутуем ад гэтых праблемаў на ліванскай мяжы. Цяпер мы чуем страляніну проста вакол нас, мы не ведаем дакладна, што гэта такое, але гэта стрэлы. І за гэтыя некалькі дзён, якія прайшлі з мінулай суботы, страляніны ўсё больш і больш. Як вы бачыце, горад зусім пусцее. Людзі выходзяць з гораду ды ідуць за некалькі кіламетраў, каб дыстанцыявацца ад стральбы», – кажа жыхар гораду Кірʼят-Шмана.

Тым часам армія Ізраілю працягвае абстрэлы сектару Газа. За папярэднія 24 гадзіны нанесеныя ўдары па 250 абʼектах ХАМАС. Пакутуюць і мірныя жыхары, бо хамасаўцы выкарыстоўваюць іх у якасці жывога шчыта. Паводле апошніх звестак Міністэрства аховы здароўя Палестыны, у сектары Газа загінулі 2750 чалавек, больш за 9700 былі параненыя.

«Мы былі знутры будынку, калі знайшлі раскіданыя целы – целы дзяцей, якія не маюць ніякага дачынення да вайны. Яны былі ў бяспецы ў сваіх дамах і нічога не ведалі, іхныя целы былі раскіданыя. Гэта тое, што я бачыў, гэта тое, што я ведаю. Паглядзіце, што здарылася з Каранам, з людзьмі ды з усім астатнім», – расказвае жыхар Газы Абэд Рабая.

Раніцаю непадалёк ад гэтага месца на мяжы сектару Газа і Егіпту меўся запрацаваць памежны пункт пропуску «Рафах». Аднак гэтага не адбылося.

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»