Пенсійная рэформа: для людзей ці для фонду сацыяльнай абароны?


З першага кастрычніка запускаюць чарговую пенсійную рэформу. Яна датычыць назапашвальных пенсіяў, то бок, апроч звычайнай пенсіі можна забяспечыць сабе яшчэ адну, калі пачаць рабіць дадатковыя адлічэнні з заробку. Афармляе гэтую назапашвальную пенсію страхавая кампанія «Стравіта», яна ж мае і плаціць яе.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«”Стравіта” – гэта арганізацыя, што займаецца страхаваннем, а страхаванне – гэта дастаткова ўстойлівы бізнес. То бок ёсць магчымасць, напэўна, у кампаніі акумуляваць рэсурсы не толькі з пенсійных адлічэнняў але і з з іншых крыніцаў», – кажа эканаміст Аляксей Харкевіч.

На дадатковую пенсію працаўнікі змогуць дабравольна адлічваць да дзесяці адсоткаў свайго заробку. Яшчэ да трох адсоткаў абавязаны дадаць працадаўца. Але ўдзел у новай праграме могуць узяць не ўсе. Не аформяць дадатковую пенсію індывідуальным прадпрымальнікам і самазанятым, а таксама беспрацоўным. Не ўваходзяць у праграму працаўнікі прадпрыемстваў у працэсе ліквідацыі або банкруцтва. Не будзе дадатковых сродкаў і ў тых, каму неўзабаве на пенсію і тых, за каго наймальнік не плаціць унёскаў у фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Між іншага, гэта вайскоўцы і міліцыя.

Найбольшай небяспекай для назапашвальнай пенсіі Аляксей Харкевіч лічыць інфляцыю, або нават дэвальвацыю рубля, якая цалкам магчымая ў тых умовах, у якіх цяпер апынулася беларуская эканоміка. «Стравіта» абяцае інфляцыю ўлічваць.

«Норма даходнасці паводле дамовы дадатковага назапашвальнага пенсійнага страхавання прызначаецца на памер стаўкі рэфінансавання Нацыянальнага банку, што дзеіць у адпаведны перыяд тэрміну страхавання», – тлумачыла падчас «гарачай лініі» намесніца гендырэктара «Стравіты» Алена Тулейка.

Але стаўка рэфінансавання Нацбанку складае дванаццаць адсоткаў, а інфляцыя ў жніўні наблізілася да васямнаццаці адсоткаў (17,9 %), то бок адкладзеныя грошы ўвесь час абясцэньваюцца. Лепш інвеставаць самастойна, кажуць эксперты.

«Больш мэтазгодна ўкладацца ў інвестыцыйныя праекты, у першую чаргу нерухомасць, то бок набыць кватэру і здаваць у арэнду ці іншае. То бок у любым выпадку доўгатэрміновыя інвестыцыі будуць эфектыўнейшымі, гэта адназначна», – лічыць Аляксей Харкевіч.

Гледачы нашага тэлеканалу новай ініцыятыве ўладаў не давяраюць.

«Ага. Зараз. Лепш гэтыя грошы бяздомнікам аддаць. Тыя хоць вып’юць за маё здароўе. Больш карысці будзе. Чым аплачваць свае краты і муры».

«Нас не раз дзяржава падманвала, таму даверу няма».

«Катэгарычна НЕ!!!»

«Вой, людзі, апамятайцеся, гэта чарговае напаўненне кішэняў чыноўнікаў», – пішуць у сацсетках гледачы «Белсату».

Але ахвотныя ўкласці грошы ў дадатковую пенсію знойдуцца, лічыць Аляксей Харкевіч, і аргумент у іх просты:

«Гэта трэба лішнія высілкі траціць на супастаўленне коштаў і выгадаў, а тут дзяржава сама, няхай і з мінімальнай выгадай ці нават, можна сказаць, з адсутнасцю выгадаў для мяне – але ўсё ж дае інструмент, за кошт якога я ўсё ж буду атрымліваць большую пенсію ў будучыні».

Выйграе, ж на думку эканаміста, у першую чаргу Фонд сацыяльнай абароны. Праз тое, што пенсіянераў штогод робіцца больш, а працаўнікоў менее – грошай на выплаты ўвесь час не стае.

«Паводле звестак на жнівень 2021-га году вядзецца пра прыкладна 27 адсоткаў. Гэта колькасць пенсіянераў у адсоткавым вымярэнні ад насельніцтва рэспублікі Беларусь. Гэта прыкладна два з паловай мільёны», – прыводзіць статыстычныя звесткі сацыёлаг Андрэй Вардамацкі.

Атрымаць назбіраныя праз назапашвальную праграму грошы раней за выхад на пенсію могуць толькі спадкаемцы ў выпадку смерці працаўніка, або ён сам у выпадку інваліднасці.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»