Аб'яднаная Еўропа супраць Пуціна і Лукашэнкі


Еўразвяз не прызнае магчымае аб’яднанне Расеі і Беларусі, бо не прызнае права Аляксандра Лукашэнкі дзейнічаць ад імя беларусаў.Сёння Еўрапарламент прыняў хіба што самую жорсткую рэзалюцыю ў расейскім пытанні.

Выбары ў Дзяржаўную Думу будуць непрызнаныя, калі прыйдуць з парушэннямі, а Уладзімір Пуцін будзе нелегітымным у любым выпадку, калі паспрабуе застацца пры ўладзе праз 3 гады. Пад раздачу трапіў і Аляксандр Лукашэнка – ягоных алігархаў еўрапейскія структуры возьмуць пад кантроль, а злачынствы супраць беларускага народу будуць расследаваныя.

Рэжым Уладзіміра Пуціна – гэта аўтарытарная клептакратыя з пажыццёвым прэзідэнтам у акружэнні алігархаў. Таму сённяшняя Расея – найвялікшая пагроза бяспецы Абʼяднанай Еўропы. Такую рэзалюцыю сёння прыняў Еўрапарламент, а значыць, такога курсу цяпер будуць трымацца Еўрапейская Рада, Еўракамісія і агулам увесь Еўразвяз.

«Мы выразна адрозніваем, што такое крымінальны рэжым і што такое расейскі народ, расейскае грамадства, якія сталі першымі ахвярамі гэтага рэжыму. Мы вельмі крытычна ставімся да рэжыму Пуціна і вельмі пазітыўна, аптымістычна бачым будучыню расейскага грамадства», – заявіў з трыбуны Еўрапарламенту аўтар рэзалюцыі еўрадэпутат Андрус Кубілюс.

Як прызнаўся «Белсату» аўтар дакументу, еўрадэпутатаў на змену курсу натхніў беларускі народ, які летась выступіў супраць аўтарытарнага рэжыму Лукашэнкі, амаль такога ж, як рэжым Пуціна. Еўразвяз падтрымаў памкненне да дэмакратычных выбараў, Пуцін падтрымаў Лукашэнку.

«Лукашэнка адзін, без дапамогі Крамля, ні дня бы не пратрымаўся пры ўладзе», – тлумачыць Раса Юкнявічыене з падкамітэту бяспекі і абароны ў Еўрапарламенце.

Цяпер гэта афіцыйная палітыка ўсяго Еўразвязу.

«Еўразвяз мусіць адрэагаваць на той факт, што прэзідэнт Пуцін адкрыта падтрымлівае рэжым спадара Лукашэнкі ды ягоныя брутальныя рэпрэсіі супраць беларускага народу і супрацоўнічае з Лукашэнкам у гібрыдных атаках супраць дэмакратычных сілаў Беларусі. Таму Еўразвяз мусіць прызнаць, што Крэмль уяўляе непасрэдную пагрозу незалежнасці і дэмакратычным намаганням Беларусі», – запісана ў рэзалюцыі Еўрапарламенту.

Еўразвяз афіцыйна прызнаў, што Крэмль удзельнічае ў гібрыдных памежных атаках Лукашэнкі. Літва цяпер будуе 100-кіламетровы барʼер з калючага дроту на мяжы з Беларуссю, каб супрацьстаяць арганізаванай у Менску масавай нелегальнай міграцыі.

А Польшча толькі за мінулую ноч перадухіліла больш за 300 спробаў нелегальнага перасячэння мяжы.

«Еўразвяз мусіць выкрыць датычнасць Расеі да гібрыдных дзеянняў рэжыму Лукашэнкі супраць Еўразвязу, у тым ліку выкарыстанне мігрантаў у якасці інструменту дэстабілізацыі Захаду, і ўскласці на Крэмль адказнасць за такія варожыя і варварскія дзеянні», – пазначана ў дакуменце.

Паводле рэзалюцыі, Еўразвяз мусіць ініцыяваць і спрыяць міжнароднаму расследаванню злачынстваў лукашэнкаўскага рэжыму ў Беларусі і пуцінскага рэжыму ў Расеі, праз еўрапейскія юрыдычныя структуры.

Еўразвяз, змагаючыся з нелегальным адмываннем грошай з Расеі, мусіць асабліва ўважліва разглядаць фінансавыя плыні з Беларусі, бо і Пуцін-Лукашэнка, і іх алігархі моцна звязаныя.

Установы Еўразвязу мусяць рабіць адмысловыя справаздачы пра фінансавае ўмяшанне Расеі ў Беларусь, у тым ліку пра актывы Лукашэнкі.

«Дэмакратычная Беларусь, якая абавязкова адбудзецца, і гэтая будучыня гістарычна абгрунтаваная, мы думаем, што яна не будзе часткай агрэсіўных паходаў Крамля», – перакананы Андрус Кубілюс.

Еўразвяз і дзяржавы-ўдзельнікі мусяць выразна сказаць, што не прызнаюць ніякай спробы далучэння Беларусі да Расеі, калі гэта будзе зроблена насуперак волі беларускага народу і ад імя нелегітымнага лідара – падкрэслена ў рэзалюцыі.

«Як палітычнае, так і вайсковае збліжэнне між Беларуссю і Расеяй выклікае моцную занепакоенасць. Трэба быць гатовымі да палітыкі непрызнання, калі гэтыя дзяржавы сталі б адзіным цэлым. Я маю на ўвазе, што ў нелегітымнага прэзідэнта няма паўнамоцтваў падпісваць такія дамовы. Гэта мусіць быць ясна сказана голасам Захаду», – заявіў міністр замежных справаў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс пасля сустрэчы з дзяржсакратаром ЗША Энтані Блінкенам.

І ў Еўразвязу зʼявіўся новы фігурант будучых санкцыяў за падтрымку рэжыму Лукашэнкі – гэта Крэмль. Калі пуцінскі рэжым працягне цяперашнюю палітыку ў Беларусі, Абʼяднаная Еўропа ўвядзе новыя, жорсткія абмежаванні. Як запісана ў дакуменце, абарона дэмакратыі ў Беларусі гэта спрыянне дэмакратыі ў Расеі.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»