Ці адбудзецца чарговы напад на Украіну з тэрыторыі Беларусі?


У гарніле ўкраінскага ваеннага канфлікту куюцца сілы для вайны супраць Беларусі, кажа міністр абароны Віктар Хрэнін. І як прыклад прыводзіць рыхтаванне фармаванняў тыпу палка імя Каліноўскага ды папярэджвае, што такія пагрозы будуць лакалізавацца ўсімі наяўнымі сіламі ды сродкамі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Ці могуць гэтыя заявы ды ўзмоцненая апошнім часам актыўнасць расейскіх войскаў у Беларусі сведчыць аб хуткім узмацненні абстрэлаў Украіны з нашае тэрыторыі?

Сігналам да такога сцэнара можа быць аналіз спадарожнікавых здымкаў аэрадрому ў Зябраўцы, які правялі спецыялісты «Беларускага гаюна». Выяўлена, што на аэрадроме ў Зябраўцы стаяць да чатырнаццаці адзінак зенітна-ракетнага комплексу С-400 «Трыумф», тры радары, два зенітныя ракетна-пушачныя комплексы «Панцыр». Таксама размешчаны склад боепрыпасаў, дзе захоўваецца да 60 ракетаў для ЗРК С-300/400, а расейскія грузавыя самалёты працягваюць дастаўляць боепрыпасы для гэтых сістэмаў. Але навошта расейцам столькі боепрыпасаў менавіта для супрацьпаветранных сістэмаў? Вайсковы эксперт Павел Лакійчук кажа:

«Пастаянна памяншаецца колькасць балістычных ракет, то цалкам верагодна, што ў расейцаў гэта становіцца асноўным сродкам нанясення ўдараў у глыб тэрыторыі Украіны».

Адначасова эксперт звяртае ўвагу на нізкую трапнасць комплексаў С300/С400 менавіта па наземных цэлях, аднак дадае, што яны могуць выкарыстоўвацца для псіхалагічнага ціску на насельніцтва Украіны. У першую чаргу – на жыхароў Жытоміру, Чарнігава ды Кіева, калі казаць пра атакі з тэрыторыі Беларусі.

За апошнія ж содні ў Беларусі ў тым ліку ў кірунку межаў з Украінаю фіксуецца падвышаная актыўнасць і непасрэдна беларускіх войскаў. Па краіне ездзяць танкі, «Уралы», МАЗы, палявыя кухні ды нават біятуалеты. Актыўней лётаюць знішчальнікі. Ці варта чакаць украінцам правакацыяў ад беларускіх войскаў? Паводле палітолага Валера Карбалевіча:

«Удзельнічаць ці не ўдзельнічаць беларускаму войску ў рэальнай вайне на тэрыторыі Украіны вырашае Лукашэнка і менавіта гэтаму ён супраціўляецца. Што тычыцца таго, у якой ступені расейцы будуць выкарыстоўваць беларускую тэрыторыю для нападу на Украіну, вось у гэтым пытанні, я думаю, ад Лукашэнкі мала што залежыць».

Звяртае на сябе ўвагу і ўчорашняя ратацыя кадраў у беларускім войску. Лукашэнка памяняў начальніка ракетных войскаў і артылерыі ды вызваліў ад пасады першага намесніка старшыні вайскова-прамысловага камітэту. Павел Лакійчук каментуе:

«Зняцце камандуючага ракетна-артылерыйскімі войскамі разам з кіраўніком ВПК можа сведчыць аб зваротнай сувязі з Масквы на пастаўкі не вельмі якаснага, так скажам, узбраення з боку Беларусі».

Кіраўнік Жытомірскай адміністрацыі паведаміў сёння аб двух ракетных ударах па вобласці, ён сцвярджае, што ракеты былі выпушчаныя з тэрыторыі Беларусі. Месца пуску гэтых ракетаў пакуль не пацверджанае. Аднак каманда праекту «Беларускі гаюн» папярэджвае аб магчымым масіраваным ракетным абстрэле Украіны з беларускай тэрыторыі ў бліжэйшыя тыдні.

Уладзіслаў Корсак, «Белсат»