«Талібан»: наступствы для Беларусі


Дзясяткі мірных жыхароў чапляюцца за шасі самалёту – гэтак выглядае адчай. У выніку сарваліся трое і загінулі, паведамілі замежныя агенцыі. Кабульскі аэрапорт стаў апошняй надзеяй на выратаванне для тысячаў грамадзянаў Афганістану – краіны, якая ад учора канчаткова перайшла пад уладу талібаў.

Агулам, паводле агенцтва Reuters, відавочцы паведамілі пра як мінімум пяцярых загінулых у аэрапорце.

Праз цісканіну або з іншых прычынаў – дакладна невядома.

Гэта што тычыцца простых жыхароў. Прадстаўнікі замежных дыпмісіяў, у тым ліку амерыканскай, пакінулі краіну яшчэ да сённяшняй раніцы. Ва ўмовах, калі ўвесь цывілізаваны свет ратаваў сваіх грамадзянаў ад пекла на Блізкім Усходзе, беларускі МЗС параіў сваім жа грамадзянам проста звяртацца да амбасады ў Таджыкістане. У выніку беларусаў разам з прадстаўнікамі іншых краінаў вывезла Украіна. Павел Латушка падзякаваў Кіеву ад імя ўсіх беларусаў і выказаўся пра афіцыйны Менск.

«А што дыктатар? Грошы ёсць на падымаць у неба ВВМ Беларусі для таго, каб саджаць грамадскі самалёт Ryanair, а грошай, каб накіраваць у Афганістан – няма. Узрушальная праца беларускай дыпламатыі. Самы лепшы спосаб – сцежкамі, палямі прадзірайцеся ў Таджыкістан, беларускія грамадзяне!», – выказаўся кіраўнік Народнага Антыкрызіснага Ўпраўлення Павел Латушка.

Афганістан цяпер – гэта гарачы пункт на Еўразійскім кантыненце. Сёння гэта абмяркоўвалі на экстраным паседжанні ў Арганізацыі Аб’яднаных нацыяў. Рух «Талібан» прызнаны тэрарыстычным як ААН, так і Расеяй. Але ж апошняя не выглядае занепакоенай, больш таго, заклікае сваіх грамадзянаў не пакідаць краіны, а сваю амбасаду эвакуяваць не збіраецца. Паводле той жа схемы дзейнічае і Кітай ды заяўляе пра супрацу з талібамі.

«Кітай падтрымлівае кантакты і камунікацыю з афганскімі талібамі ды іншымі бакамі, на аснове поўнай павагі нацыянальнага суверэнітэту Афганістану і волі розных груповак у краіне. Кітаю адведзеная канструктыўная роля ў спрыянні палітычнага ўрэгулявання афганскай праблемы», – дала зразумець пазіцыю Кітая прадстаўніца МЗС КНР Хуа Чунь Ін.

Паводле Яўгена Красуліна, у афганскім пытанні сваю зацікаўленасць маюць шэраг краінаў. Але ж Расея там не асноўным гулец, у адрозненне ад Кітаю. Таму асаблівай рызыкі для Беларусі – быць уцягнутай ў ваенны канфлікт у межах дамовы АДКБ, ён ня бачыць.

Для Еўропы гэта можа стацца новай хваляй міграцыйнага крызісу. Бо больш за 60 краінаў заклікалі адчыніць межы для тых, хто шукае прытулку. Становішчам можа скарыстацца і Лукашэнка, замяніўшы рэйсы з Іраку афганскімі, папярэдзілі ў Бюро нацыянальнай бяспекі Польшчы. Але, паводле адмыслоўца ў нееўрапейскіх цывілізацыях Яўгена Красуліна, у найбліжэйшы час такая перспектыва вельмі малая.

«Канечне, можа, праз некаторы час гэты калідор наладзіцца, але за гэты час, відавочна, будуць распрацаваныя такія меры бяспекі на нашых заходніх межах, што гэта будзе бессэнсоўна. Гэта будзе толькі напампоўваць краіну мігрантамі. Не думаю, што цяперашні рэжым у гэтым зацікаўлены», – лічыць Яўген Красулін.

І ўсё ж такі: якія наступствы афганскі крызіс зможа мець для Беларусі? Некаторыя эксперты занепакоеныя тым, што гэта адцягне ўвагу ад беларускага пытання.

«Будзе, безумоўна, шмат рэфлексіі на тэму, як гэта адбылося і што рабіць далей, але я не думаю, што гэта вось настолькі зойме і ў тым ліку інфармацыйную прастору, каб выціснуць абсалютна нашую павестку», – кажа Яўген Красулін.

Паводле Яўгена Красуліна, Афганістан жа ў найбліжэйшы час чакае чорная эканамічная дзіра і больш чым за 50 адсоткаў беспрацоўя праз уцекачоў і забарону працаваць жанчынам. Апошняе – гэта толькі адзінае з таго, за што заўсёды выступала групоўка з нагоды законаў шарыяту. Акрамя гэтага, забойствы, так званых няверных, публічныя пакаранні і поўнае бяспраўе.

Надзея Бельская, «Белсат»