Кантроль над «Лясной палянай» і вакцынацыя беларусаў


Асабісты кантроль над летнікам «Лясная паляна» узяў Лукашэнка, калі ўспышка каронавірусу сярод тамтэйшых дзяцей зрабілася рэзананснаю тэмай. Мінздароўя ж паабяцала, што да канца месяца назаве паказнік па калектыўным імунітэце ад каронавірусу. У траўні імунітэт мелі 38 % насельніцтва. Тых, хто не вельмі хоча прышчапляцца расейскаю вакцынай, галоўны эпідэміёлаг краіны абнадзеіў – на рынак прыйдзе кітайская вакцына і… еўрапейская.

Пасля ўспышкі каронавіруса ў летніку «Лясная паляна», што на Смаргоншчыне, праверылі ўсе аздараўляльныя летнікі краіны – запэўніла Мінздароўя бацькоў, збянтэжаных напярэдадні навучальнага года.

Дзмітрый Піневіч, міністр здароўя, распавёў:

«Цяпер усе дзеткі падзеленыя на дзве групы. Першая група – дзеці, якія маюць мінімальныя сімптомы захворвання. Іх размясцілі ў Астравецкай ЦРБ. Другая група – дзеткі з пацверджаным каронавірусам, але без сімптомаў. Яны застаюцца ў цэнтры пад медычным назіраннем, асобна ад іншых».

Спецыялісты рапартавалі, што каронавірус у «Лясную паляну» завезлі дзеці. Хоць хворыя на ковід ёсць і сярод персаналу. Вірус знайшлі таксама ў тэстах удзельнікаў аздараўляльнага летніку ў Чавускім раёне.

«Першага верасня будзе больш праблемна. Калі ў дзяцей у летніку ўспышка каронавіруса, то найбольш пацярпелымі будуць працаўнікі гэтага лагеру – важатыя, кухары, адміністрацыя. Тое што восеньскі ўсплёск будзе за кошт дзяцей – гэта зразумела», – кажа Барыс Данской, імунолаг, Украіна.

За апошнія содні ў Беларусі зарэгістравалі 894 новых пацыенты з «Ковід-19», выпісалі 672 асобы, а 9 асобаў – памерлі. Вакцынацыя ідзе некалькі месяцаў. Графікі ж паказваюць РОСТ захворвальнасці.

У апошнім тыдні пятнічны паказнік новых інфікаваных складаў 1425. Мінздароўя імкнецца дасягнуць калектыўнага імунітэту. Аднак дагэтуль не стае ахвочых прышчапляцца вакцынаю «Спутнік-5».

Пасля з’яўлення ў медыях сведчанняў пра прымусовыя прышчэпкі выказаўся Аляксандр Лукашэнка, які раней ставіў задачу мець імунітэт у ліпені:

«Не давядзі гасподзь да мяне дойдзе інфармацыя, што нехта некага прымушае, нахіляе і гэтак далей, то рэакцыя з майго боку будзе неадкладнаю і катэгарычнаю».

Лукашэнка таксама заявіў, што гатовая да тэставання айчынная вакцына. Імаверна, што на канвеер яна трапіць толькі ў 2023-ім годзе. Не вядома, калі, але ў будучыні беларусы змогуць выбіраць вакцыну, заявіў галоўны эпідэміёлаг Аляксандр Тарасенка:

«Мы будзем у будучыні разлічваць на гэта, таму што пажаданні ў беларусаў ёсць. Нехта хоча Pfizer, AstraZeneca або Moderna прышчапіцца. У хуткім часе, вядома ж, будзем мы, як я і агучыў, разглядаць і дастаўку вакцыны іншых вытворцаў».

Пакуль што дамоўленасць ёсць толькі з краінаю, ад якой вірус пачаў распаўсюд. У бягучым месяцы Кітай мае даслаць у Беларусь мільён дозаў вакцыны «Сайнафарм» – у якасці гуманітарнае дапамогі. Прышчэпкі ёю актыўна робяць кітайцам, але не меншая ўвага – да захадаў бяспекі ды прафілактыкі захворванняў.

«Мы апавясцілі жыхароў розных будынкаў і розных супольнасцяў аб праходжанні тэставання ў розныя тэрміны, каб пераканацца, што выбарка можа быць завершаная за паўгадзіны на месцах тэставання», – рапартуе Чжаў Хань, дырэктар рэгіянальнага офісу ў Ян-Чжоў.

У Беларусі, дзе лічба захворванняў блізкая да тысячы на дзень, штодня робяць каля 13 тыс тэстаў. На тэставанне гэтак не заахвочваюць, як на прышчэпку. Першую дозу вакцыны атрымалі 1,5 млн поўнагадовых жыхароў Сінявокай, з якіх 1,2 млн ужо зрабілі два ўколы.

Юлія Цяльпук, «Белсат»