29 мігрантаў за апошнія содні спрабавалі нелегальна трапіць у Польшчу з тэрыторыі Беларусі. Паводле польскай памежнай службы, у замежнікаў былі расейскія візы. Польскія памежнікі таксама паведамляюць аб праведзенай аперацыі, у выніку якой затрымалі арганізатараў нелегальнай міграцыі ў Еўразвяз праз Беларусь.
У Польшчы затрымалі злачынную групу, што арганізоўвала перавоз нелегальных мігрантаў праз тэрыторыю Беларусі ў Заходнюю Еўропу. Адмысловую аперацыю польскія памежнікі правялі разам з паліцыяй ды Еўраполам. Паведамляецца, што міжнародная злачынная група была добра зарганізаваная і заканспіраваная.
Каб яе выкрыць, сілавікі правялі ажно дваццаць восем вобшукаў у трох краінах: у Польшчы, Літве і ў Нямеччыне. У выніку затрымалі дзесяць асобаў. Сярод іх кур’еры і кіроўцы, якія сустракалі мігрантаў на тэрыторыі Польшчы.
«За перавоз аднаго мігранта ў Нямеччыну злачынцы бралі ад пяцісот да дзвюх тысяч еўраў. А за дастаўку ў Вялікую Брытанію – ад адзінаццаці да трынаццаці тысяч еўраў. Злачынная групоўка часта перавозіла мігрантаў у небяспечных для жыцця ўмовах у перапоўненым транспарце», – паведамляе ўдзельнік аперацыі па затрыманні злачынцаў.
Уся злачынная сетка паспела зарабіць на мігрантах больш за сем мільёнаў еўраў – паведамляе Еўрапол. Кліентамі перавозчыкаў былі выхадцы з Блізкага Усходу. Нелегальных мігрантаў пад выглядам турыстаў спачатку адпраўлялі ў Турцыю, адтуль – у Маскву. З Масквы – у Менск, а затым на польскую мяжу. Яе мігранты праходзілі самастойна або з правадніком. Як сцвярджае следства, беларускія памежнікі парушальнікам не перашкаджалі.
Між тым, спробы нелегальнага пераходу беларуска-польскай мяжы не спыняюцца. За апошнія содні памежны камітэт Польшчы паведаміў пра затрыманне дваццаці дзевяці асобаў. Пабудаваную на мяжы агароджу мігранты спрабуюць пераадолець пры дапамозе драбінаў, падкопаў, або пераплыць водным шляхам.
Валянцін Васіленка, «Белсат»