Наколькі вырастуць цэны?


Інфляцыя ў Беларусі б’е рэкорды. Наколькі павялічацца цэны найбліжэйшым часам, урад прадказаць не ў стане. Якія харчы і тавары за год падаражэлі найбольш – і з якой прычыны? Як будуць паводзіцца цэны да канца года? І якую стратэгію ў гэткай эканамічнай сітуацыі могуць прыняць простыя беларусы?

Міністэрства антыманапольнага рэгулявання сёлета не апублікуе плану на павышэнне тарыфаў. Як прызналіся ў міністэрстве, сітуацыя з цэнамі непрадказальная, таму наколькі давядзецца павышаць аплату за навучанне ў ВНУ ці кошт праезду ў транспарце, яны папросту не ведаюць. Паводле Белстату, у сёлетнім чэрвені цэны ў Беларусі былі на сямнаццаць адсоткаў вышэйшыя, чым у чэрвені летась.

У МАРГ палічылі, што найбольш – на чвэрць – падаражэлі электратавары, аўтамабільнае паліва, імпартныя мыйныя сродкі. Прывозіць іх стала даражэй праз вайну і санкцыі. Аднак айчыннае мяса таксама падаражэла на сямнаццаць адсоткаў, а хлеб – амаль на пятнаццаць.

«У кожным з гэтых прадуктаў ёсць імпартны складнік. Па-другое, у нас даражэе галоўнае. У нас даражэюць нафтапрадукты. […] Збожжа трэба сабраць, для гэтага патрэбныя нафтапрадукты. Збожжа трэба завезці на млын, для гэтага таксама патрэбныя нафтапрадукты», – тлумачыць эканаміст Леў Марголін.

Інфляцыя з’ядае заробкі і пенсіі. Нават паводле афіцыйнай статыстыкі, у студзені – траўні рэальныя даходы беларусаў былі на два адсоткі меншыя за леташнія. Аднак, на думку эканаміста, найбліжэйшыя месяцы цэны будуць расці не так хутка.

«Будуць паступова знаходзіць шляхі, як абыходзіць санкцыі. Замест тых лагістычных ланцужкоў, што знайшлі ў першыя тыдні пасля пачатку вайны, будуць знойдзеныя новыя – больш лагодныя», – прагназуе Леў Марголін.

Каб пазбегнуць дэфіцыту і росту цэнаў, улады назапашваюць на складах гародніну. Без гэтак званага «баршчавога набору» беларусы не застануцца – паабяцаў міністр антыманапольнага рэгулявання Анатоль Багданаў. Аднак рондаль баршчу за год ужо падаражэў больш як на траціну. На сталічнай Камароўцы год ці два гады таму кіло цыбулі можна было набыць за паўтара рубля, а цяпер яе прадаюць за чатыры. У такіх жа прапорцыях выраслі цэны на бульбу, крыху менш – на буракі.

Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця мяркуе, што цэны ў нашай краіне сёлета вырастуць на васямнаццаць адсоткаў, а ВУП упадзе на шэсць з паловаю адсотка. Гэта значыць, даходы грамадзянаў у доларавым эквіваленце адкоцяцца да ўзроўню 2012 года. Можа быць і горш.

«Відавочна, гэта падзенне эканомікі, гэта рэцэсія. Я думаю, да канца гэтага года яна складзе каля 10 % ВУП. Але ці можна гэтым лічбам верыць? Не! Як нельга верыць лічбам наконт беспрацоўя, інфляцыі, заробкаў. Усе яны маюць прысмак ідэалогіі», – заяўляе кіраўнік даследчага цэнтру Мізэса эканаміст Яраслаў Раманчук.

Паводле эканаміста Льва Марголіна, адзіным спосабам павысіць свае даходы цяпер застаецца пошук падпрацоўкі або працы за мяжой.

«Калі ты хочаш больш зарабляць, то разлічваць на тое, што сітуацыя ў эканоміцы палепшыцца, не выпадае. Таму тут кожны можа прыняць толькі ўласныя захады і нешта зрабіць сам для свайго дабрабыту», – канстатуе Леў Марголін.

У выпадку страты крыніцы даходаў / толькі палова суайчыннікаў зможа пражыць на ашчаджэнні прынамсі месяц – сведчаць вынікі апытання, праведзенага кампаніяй «Satio». Запасы на паўгода ці болей мае толькі кожны дзясяты.

Аляксандр Папко, «Белсат»