Ціханоўская абвесціла Дзень салідарнасці з беларускамі


Нашыя суайчынніцы адгукнуліся на абвешчаны Святланаю Ціханоўскай Дзень салідарнасці з беларускімі жанчынамі – і выйшлі на вуліцы Менску ў белым адзенні, каб паказаць салідарнасць і прагу да перамогі. Мінуў год, як беларускі пратэст выразна набыў жаночы твар – пад кіраўніцтвам кабетаў аб’ядналіся штабы трох прэтэндэнтаў на прэзідэнцтва. Як адказаў на гэта рэжым Лукашэнкі і як – адгукнулася грамадства?

Жанчыны Беларусі не здаюцца і адгукнуліся на заклік Святланы Ціханоўскай праявіць салідарнасць у дзень, які яна абвесціла Днём салідарнасці з беларускімі жанчынамі.

Летась у гэты дзень абʼядналіся тры выбарчыя штабы. Сімвалам супрацьстаяння Лукашэнку сталі тры жанчыны – Святлана Ціханоўская, Марыя Калеснікава, Вераніка Цапкала.

«Тры жанчыны, якія былі змушаныя замест сваіх мужчынаў змагацца за справядлівыя выбары, абʼядналіся і разам пайшлі далей гэтым складаным шляхам», – кажа Святлана Ціханоўская.

З белымі стужкамі на руках ці ў белым адзенні прыхільнікі пераменаў ішлі на выбары. Потым – на агульнанацыянальны пратэст. Пасля трох дзён крывавага гвалту ў дачыненні дэманстрантаў, пераважна мужчынаў, 12 жніўня жанчыны вышыхтаваліся ў ланцуг. Потым яны казалі, што прынялі эстафету ў Святланы, Марыі ды Веранікі.

«Менавіта той момант, калі пасля паўзы зʼявіўся інтэрнэт і на Камароўку выйшлі жанчыны ў белым. На той момант для нас гэта было, як пасланне святла, як прамень надзеі», – упэўненая Стася Гліннік з Беларускага моладзевага хаба.

Апранутыя ў колер міру і з кветкамі ў руках жанчыны заклікалі спыніць гвалт, які чынілі сілавікі ў першыя тры дні пасля выбараў. Ізалятары былі перапоўненыя параненымі пратэстоўцамі і выпадковымі мінакамі. Беларускімі жанчынамі захапляўся ўвесь свет, згадвае філосафка Вольга Шпарага, аўтарка кнігі «У рэвалюцыі жаночы твар»:

«Што датычыць рэжыму, то ён стаў жанчынаў успрымаць, як небяспечных. Гэта стала найбольш выразна бачна пачынаючы з трэцяга жаночага маршу. Жанчынаў сталі тады актыўна «садзіць». То бок жанчыны зрабіліся актыўным калектыўным субʼектам, які кідае выклік рэжыму. І да іх пачалі брутальна ставіцца. Гэтак жа брутальна, як да мужчынаў».

Паўсотні жанчынаў, прызнаных палітвязнямі, цяпер застаюцца за кратамі. Сярод іх шматдзетныя маці, студэнткі, а таксама дзве журналісткі тэлеканалу «Белсат».

Публічны ліст ад іх сёння прачытае шмат хто. Раздрукаваць яго з Тэлеграм-каналу Святланы Ціханоўскай, укінуць у паштовую скрыню суседа і ўпрыгожыць кветкаю – заклікала каманда натхняльніцы беларускага пратэсту. Таксама тымі, якія прайшлі і праходзяць праз катаванні, згвалтаванні і пагрозы. Якія змагаюцца за вызваленне блізкіх.

«Я лічу, што прыняла тактыку апублічвання ўсяго, што з ім адбываецца і прыняла яе правільна. Яе я буду прытрымлівацца, ня гледзячы на тое што цяпер адбываецца. Ранкам страшна адкрываць тэлеграм ці нешта з навінаў», – кажа Дарʼя Лосік, жонка палітвязня.

Але ёсць і добрыя навіны – на будучыню.

«Пачала адбывацца палітычная субʼектывацыя жанчынаў. Жанчыны пачалі разумець, што яны могуць браць удзел у палітычным жыцці. І гэта вельмі жадна для грамадства, таму што жанчыны нясуць з сабою новыя павесткі, звязаныя з праблемамі жанчын, людзей старэйшага ўзросту, дзяцей», – кажа Вольга Шпарага.

На будучыню ў Новай Беларусі спадзяюцца і палітычныя эмігранты. Частка з іх акурат у гэты час выйшла ў Вільні – чытаць лісты палітвязняў і распавядаць пра жанчын, якія сталі сімваламі змагання за свабодную Беларусь.

Юлія Цяльпук Belsat.eu