Спецслужбы спрабуюць знішчыць «Белсат»

Хроніку вельмі нервовага і даўгога дня – глядзіце ў матэрыяле.

Ігар Ільяш і Ганна Галёта затрыманыя паводле абвінавачвання ў масавых беспарадках. У вядоўцы «Белсату» Паўла Мажэйкі падчас ператрусу забралі польскія злотыя ды ўкраінскія грыўні, але чамусьці не кранулі долары. Сілавікі ўчынілі ператрусы ў дамах яшчэ як мінімум 16-ці журналістаў. Сярод іх вядоўцы «Белсату» – Глеб Лабадзенка, журналісты Хрысціна Чарняўская, Яўген Меркіс, Любоў Лунёва і Мілана Харытонава, якая цяпер знаходзіцца за мяжой.

«Выбілі дзверы, забралі ноўтбук, відэакамеру, сталы тэлефон дачкі. Забралі ўсю тэхніку, якую знайшлі. Нават забралі банкаўскую картку майго мужа, на якой чатыры беларускія рублі», – распавядае журналістка «Белсату» Мілана Харытонава.

А вось так выглядае беларускі офіс «Радыё Свабода». Сілавікі сапсавалі сігналізацыю і забралі тэхніку. У кайданках з дому вывелі журналіста «Свабоды» Алега Груздзіловіча, затрымалі яго каляжанку Інэсу Студзінскую. Удар па медыя, зарэгістраваным за мяжой, беларускія ўлады нанеслі пасля таго, як разграмілі СМІ, зарэгістраваныя ў Беларусі. З мінулай пятніцы ператрусы правялі ў журналістаў і ў рэдакцыях, як мінімум, 14-ці сродкаў масавай інфармацыі. Васьмёра журналістаў апынуліся ў зняволенні.

«Сітуацыя вельмі складаная. Адзінае пазітыўнае, што можна сказаць – інфармацыйныя крыніцы не зачыненыя, журналісты яшчэ могуць збіраць і ствараць кантэнт, а таксама распаўсюджваць яго. Вельмі спадзяюся, што нягледзячы на дзеянні ўладаў, дзякуючы прафесійнасці журналістаў, у тым ліку і журналістаў «Белсату», гледачы ў Беларусі змогуць атрымліваць своечасовую, сапраўдную і аб’ектыўную інфармацыю», – лічыць старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Алег Агееў.

Сітуацыю з рэпрэсіямі супраць журналістаў пракаментавалі і ў штабе Святланы Ціханоўскай. Цяпер каманда дэмакратычнай лідаркі знаходзіцца ў ЗША, дзе апроч іншага, плануе сустрэчу з кіраўніцтвам «Голасу Амерыкі» і «Агенцтва па глабальных медыя».

«Гэта спроба ў першую чаргу ўдарыць па маральным стане беларускага грамадства, якое аб’ядналася, салідарызавалася год таму, працягвае змагацца кожны божы дзень на працягу 12-ці месяцаў і зараз ён б’е і бʼе, і ніяк ня можа гэтую веру, гэтую энергію задушыць», – кажа дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка.

Агулам у зняволенні знаходзяцца ўжо 30 супрацоўнікаў СМІ. Амаль што ўсе недзяржаўныя грамадска-палітычныя выданні цяпер працуюць з-за мяжы праз VPN. За апошні тыдзень адтуль аднавіла працу каманда раней заблакаванага парталу TUT.BY. Эмігравалі рэдакцыі рэгіянальнага парталу EX-PRESS.BY, інфармагенцыі БелаПАН, «Еўрарадыё» і выданне «Наша Ніва». Праца нашага каналу зменіцца, але не спыніцца.

«Я звяртаюся да ўсіх гледачоў «Белсату», амаль у кожнага з вас ёсць мабільны тэлефон. Калі вы валодаеце якой-небудзь інфармацыяй, то дасылайце фота, пішыце кароткія тэксты, дасылайце нам на Тэлеграм. Гэта бескаштоўная крыніца інфармацыі і матэрыял, з якога мы можам рабіць якасныя тэлевізійныя матэрыялы», – кажа намеснік дырэктара «Белсату» Аляксей Дзікавіцкі.

Каб даведацца пра перадачы, якія вы хочаце глядзець, наш канал будзе праводзіць інтэрнэт апытанні. Сваімі думкамі, творчасцю, крэатыўнымі акцыямі вы можаце дзяліцца з намі праз новы Тэлеграм-канал – «Нашая Хваля».

Аляксандр Папко Belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама