Рэжымная Канстытуцыя. Галоўны дакумент краіны чакаюць змены


Прапановы па змене асноўнага закону дзяржавы, што распрацавала праўладная канстытуцыйная камісія, апублікавалі ў інтэрнэце. Між іншага праект забяспечвае гарантыі бяспекі былому прэзідэнту і абмяжоўвае тэрмін яго на пасадзе двума гадамі. Канчатковы тэкст паправак Лукашэнку прадставяць 1 жніўня.

Галоўны дакумент краіны чакаюць змены. Тэкст паправак у Канстытуцыю Беларусі з’явіўся на сайце арганізацыі «Круглы стол дэмакратычных сілаў», стварыў якую – удзельнік сустрэчы Лукашэнкі з лідарамі апазіцыі ў Следчым ізалятары КДБ.

«Беларусам хочуць прапанаваць нейкі сыры праект, у адносінах якога яны могуць выказацца па вызначаных рэчах. Гэтыя прапановы беларусаў нібыта прымуць пад увагу, а пакінуць і захаваюць тое, што трэба рэалізаваць рэжыму ў сваіх інтарэсах», – кажа сябра Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Арцём Праскаловіч.

Распрацоўвае новы праект Канстытуцыі адмысловая камісія, створаная ў сакавіку ўказам Аляксандра Лукашэнкі. Сярод чальцоў камісіі – кіраўніца Савету Рэспублікі Наталля Качанава, старшыня Канстытуцыйнага суда Пётр Міклашэвіч, старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка, дэпутат Ігар Марзалюк.

«Канстытуцыя – гэта безумоўна, важна, гэта дакумент. Але давайце шчыра: гэта была б папера, нікчэмная, калі б не вы», – сказаў ім Аляксандр Лукашэнка.

Радыкальных зменаў дзяржаўнага ладу ў праекце няма. Асноўныя палажэнні Канстытуцыі засталіся ранейшыя. Сярод прапановаў:

  • абмежаваць прэзідэнцтва двума тэрмінамі;
  • павысіць мінімальны ўзрост прэзідэнта з 35 да 40 гадоў;
  • даць гарантыі абароны былым прэзідэнтам;
  • патрабаваць папярэдняй згоды парламенту пры прызначэнні прэм’ера;
  • забараніць прэзідэнту скасоўваць урадавыя акты;
  • зрабіць абавязковымі да выканання рашэнні «Усебеларускага сходу» і надаць яму права здымаць прэзідэнта з пасады.

«Асноўнае, што знікае інстытут дэкрэтаў прэзідэнта, і ўказы прэзідэнта становяцца падзаконнымі актамі. Гэта значыць, што закон будзе вышэйшы за акты прэзідэнта, у адрозненне ад той сітуацыі, якую мы цяпер маем. Гэта прынцыповая змена ў параўнанні з тым, што мы мелі з 96-га года. Больш дэмакратычная, так бы мовіць», – кажа доктар палітычных навук, дырэктар інтстытута «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч.

Калі б такі праект быў агучаны ў 2019 годзе, яго можна было б назваць прагрэсіўным – кажуць эксперты. Аднак цяпер развязаць палітычнага крызісу ён не дапаможа. Звяртаюць адмыслоўцы ўвагу і на наступныя папраўкі.

«Узяты шлях на ўзаконьванне таго што ў апошні год і раней паспела натварыць нелегітымная ўлада. Напрыклад узаконьванне дармаедскіх законаў – нормы таго, што кожны павінен удзельнічаць працай і іншымі формамі ўносіць пасільны ўклад на грамадскую карысць. Зробленая спроба ўвесці платную медыцыну – тое што можа быць зразумела абсалютна кожнаму беларусу», – гаворыць Арцём Праскаловіч.

Эксперты падкрэсліваюць, што ў праекце Канстытуцыі Усебеларускаму народнаму сходу, якія называюць адной з найважнейшых формаў народаўладдзя ў Беларусі, істотных паўнамоцтваў не надаецца. А ўлада застанецца ў руках прэзідэнта.

У той жа час у Канстытуцыі, якую цяпер рыхтуе дэмакратычная супольнасць, асноўная ўлада належыць парламенту і ўраду. Што дае больш гарантыяў супраць усталявання аўтарытарнай палітычнай сістэмы.

Анастасія Русецкая Belsat.eu