Санкцыі дзеюць: на экспарт і на заробкі


Ва Украіне арыштавалі актывы чарговай беларускай кампаніі – заявіў офіс генпракурора Украіны. Кампанія аказвае паслугі ў здабыванні нафтагазу і выкарыстоўвае абсталяванне «Беларуснафты», але пакуль ідзе следства – працаваць не зможа. Вайна і санкцыі ўжо амаль паклалі на лапаткі беларускую нафтаперапрацоўку – робяць выснову некалькі экспертаў «Белсату». Які лёс чакае нафтапрадукты, угнаенні, дрэва і таксама нашыя заробкі?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

$ 135 млн актываў – замарожаныя, будучыня – няпэўная. На фота з пляцоўкі неназванай беларускай кампаніі, якая працавала ва Украіне, чырванее заблюранае лога «Беларуснафты». Побач нафтапрадукты, абсталяванне, спецтранспарт.

«У межах следства праваахоўнікі даследуюць дзейнасць гэтага прадпрыемства ў частцы магчымага спрыяння Расейскай Федэрацыі пры падрыхтоўцы і правядзенні агрэсіі супраць Украіны», – паведаміў офіс Генпракурора Украіны.

Падобна, што пад крымінальны пераслед трапіла дачка «Беларуснафты» – ТАА «Сервіс Ойл» са змененым пасля ўвядзення санкцыяў заснавальнікам – ААТ «Пухавічынафтапрадукт». Памер унёску ў статутны фонд супадае з пададзеным у паведамленні пра арышт актываў.

У Беларусі і без таго ўсё менш перспектываў аднавіць экспарт нафтапрадуктаў на наш асноўны ўкраінскі рынак – кажа акадэмічная дырэктарка даследчага цэнтру BEROC Кацярына Барнукова:

«Цяпер Украіна пачынае наладжваць альтэрнатыўныя пастаўкі нафтапрадуктаў. Калі ўсё атрымаецца, будзе адладжаны канал паставак з Польшчы, то хутчэй за ўсё палітычныя прычыны возьмуць верх і Украіна не бузе ўзнаўляць імпарт нафтапрадуктаў з Беларусі».

Адзінаю магчымаю альтэрнатываю для нафтапрадуктаў, паводле Барнуковай, застаецца расейскі рынак, на якім раней прадукцыя нашых НПЗ не вытрымлівала канкурэнцыі, бо не мела адпаведных субсідыяў.

«Цяпер нібыта ёсць нейкая новая ўгода паміж Расеяй і Беларуссю аб нейкім новым спосабе фармавання цаны на нафту. Магчыма яна зробіць нашую прадукцыю канкурэнтаздольнаю на расейскім рынку. Але мы не ведаем ніякіх падрабязнасцяў», – паведаміла Кацярына Барнукова.

Калі б такая ўгода была падпісаная, чыноўнікі агучылі б такую станоўчую навіну. Гэтаксама зрабілі б, знайдзіся лагістычная альтэрнатыва і пакупнікі прадуктаў дрэваапрацоўкі і калійных угнаенняў, горы якіх запаўняюць склады. Бізнесовец Аляксандр Кныровіч падзяліўся з «Белсатам» меркаваннем пра будучыню «Беларуськалію».

«Я ўпэўнены, абсалютна перакананы, што рынак перабудуецца, але ён будзе крывым. Што гэта значыць… Што мы сапраўды будзем прадаваць нейкія аб’ёмы, мы сапраўды дамовімся з Расеяй, каб не ламаць адно аднаму рынак, як ламалі некаторы час таму. Будуць пастаўкі ў Азію, Індыю, Кітай, некуды яшчэ. Але тыя скарыстаюцца сітуацыяй і ўдзельная цана будзе вышэйшаю, чымся была да таго».

Пакуль жа – хімічная прамысловасць застаецца ў крызісе, які дабраўся і людскіх гаманцоў. На «Беларуськаліі» выплаты рабочым зменшылі на 40 %. Аляксандр Крыровіч кажа, што на фанерным заводзе «Гомельдрэву» рабочым выплацілі па Br 200 руб і паведамілі, што праз санкцыі на заробкі грошай няма.

Здавалася б, можна перакваліфікавацца. На рынку занятасці амаль 95 тыс вакансіяў: кіроўцы, прадавачкі, кухары, санітаркі, медсёстры і лекары – найбольш запатрабаваныя кадры – вынікае са звестак Мінпрацы.

«За апошні год колькасць працаўнікоў у Беларусі згодна са статыстыкаю паменшылася на 100 тыс. чалавек. Пры гэтым колькасць беспрацоўных фактычна не змянілася. Колькасць смерцяў такая як была раней. Гэта азначае, што гэтыя 100 тысяч паднялі «задніцы», сабралі валізкі і зʼехалі», – лічыць Кныровіч.

Працоўныя месцы доўга застаюцца вакантнымі і праз малыя заробкі – лічыць бізнесовец. Работнікам медыцыны сярэдняга і вышэйшага звяна заробкі павысяць – запэўніў сёння міністр Дзмітрый Піневіч:

«Напярэдадні прафесійнага свята такі ад кіраўніка дзяржавы чарговы для нас падарунак, які мы мусім у тым ліку адпрацаваць на сваіх працоўных месцах. Якасць, даступнасць аказання медычнай дапамогі для нас зʼяўляюцца прыярытэтам».

Міністр не ўдакладніў, наколькі істотна вырастуць заробкі ў галіне, якая перажывае кадравы голад.

Юлія Цяльпук, «Белсат»