Цэны дазволілі падвысіць


Будзе хлеб, будзе і абед. Толькі пытанне ў кошце. Урад Беларусі дазволіў павысіць цэны на хлеб, хлебабулачныя вырабы і дзіцячае харчаванне. Раней павялічваць кошты на гэтыя тавары было забаронена.

Дзіцячае харчаванне можа падаражэць на 4 адсоткі, хлеб і хлебабулачныя вырабы – амаль на 5. Да 30 чэрвеня Камісія дзяржаўнага рэгулявання і цэнаўтварэння пры Савеце Міністраў дазволіла павышэнне коштаў на гэтыя харчы.

«Перш за ўсё чыннік – гэта падвышэнне цэнаў на сыравіну і харчы ў свеце: гэта і мука, і ўсе тыя кампаненты, з якіх складаецца ежа. Рост цэнаў у Беларусі – перш за ўсё ад таго, што ў нас бракуе канкурэнцыі. У нас шмат пратэкцыйных абмежаванняў», – упэўнены эканаміст Яраслаў Раманчук.

Дзіцячае харчаванне і хлеб – сацыяльна значныя тавары, на якія з 28-га лютага ўрад забараніў падвышаць кошты больш за 0,2% штомесяц. Усяго ў спісе 62 пазіцыі. Аднак стабілізаваць цэны не ўдалося. Паводле афіцыйнай статыстыкі, з лютага падаражэлі свініна, курыца, батон і нават соль. У чэрвені праз сусветны рост коштаў на харчаванне Міністэрства гандлю ўвяло дадатковае рэгуляванне цэнаў на шэраг сацыяльна значных тавараў.

«Урад, скрыжучы зубамі, прызнае, што яго рэжым стабілізацыі цэнаў не працуе. Тут гэтыя дамовіліся, потым іншыя прыйдуць, пакажуць калькуляцыю. На жаль, за 27 гадоў гэты ўрад не зразумеў азбукі эканомікі: цэны ў малой адкрытай эканоміцы павінны быць свабодныя», – падкрэслівае Яраслаў Раманчук.

Еўразійскі банк развіцця прагназуе, што гадавы рост цэнаў у Беларусі можа перавысіць 9%. Раней урад прагназаваў інфляцыю ў межах 5%.

Ігар Станкевіч, «Белсат»