Саміт у Жэневе і беларускае пытанне


У Жэневе скончыўся саміт ЗША-Расея. Джо Байдэн упершыню правёў перамовы з Уладзімірам Пуціным менавіта як прэзідэнт. Сярод заяўленых тэмаў перамоваў быў і палітычны крызіс у Беларусі.

Швейцарская Жэнева сёння поўная цікаўнымі людзьмі, журналістамі, паліцыяй, вайскоўцамі ды спецслужбамі. Сустрэча Джо Байдэна і Уладзіміра Пуціна адбылася ў віле ля-Гранж ва ўмовах надзвычайных захадаў бяспекі – ажно з калючым дротам на сценах. Расейскі прэзідэнт нават з самалёта выходзіў за браняшклом. Зусім не так паводзіў сябе Джо Байдэн учора і пазаўчора ў Бруселі.

«Швейцарыя робіць найлепшае, што можа, ва ўмовах пандэміі каронавіруса, і я вельмі ёй удзячная. У нас добрая пазіцыя для здымак. Але мы наўрад ці даведаемся цалкам, што адбываецца і што дакладна кажуць за гэтымі дзвярыма», – падзялілася з «Белсатам» уражаннямі Эшлі Малэні з аўстралійскага тэлеканалу «CHANNEL 7».

Галоўныя праблемы, ці тэмы сённяшніх перамоваў, – агрэсіўныя паводзіны Расеі. Кібератакі на амерыканскія кампаніі, умяшанне ў выбары, ваенныя авантуры ў розных канцах свету. Таксама атручванне і рэпрэсіі супраць расейскай апазіцыі. «Бромансу» – сяброўства мужыкоў, як у Пуціна і Трампа ў Хельсінкі 3 гады таму – тут ніхто і не чакаў.

«Фінны цудоўна арганізавалі тады сустрэчу, было вельмі зручна. І я памятаю, што нават пытання не стаяла, ці трапіць украінская прэса на канферэнцыю. Сёння, напрыклад, прэс-канферэнцыю Пуцін дасць толькі свайму пулу. У Джо Байдэна таксама абмежаванай колькасці журналістаў», – прыгадвае Наталля Фібрыг з украінскага тэлеканалу «1+1».

Не абышлося без інцыдэнтаў – незвычайна кароткая супольная фотавідэасесія скончылася штурханінай. Амерыканскія журналісты распавялі пра вельмі агрэсіўныя паводзіны пуцінскай аховы, якая пачала сілай выводзіць прэсу. Аднаго амерыканца збілі з ног.

Беларускі крызіс быў заяўлены ў праграме перамоваў.

«Байдэн мог бы сказаць Пуціну, што той мусіць спыніць падтрымку рэжыму Лукашэнкі, асабліва пасля інцыдэнта з самалётам «Афіны-Вільня». Але Беларусь не найважнейшае пытанне ў гэтым саміце», – мяркуе Боген Эйстэйн з нарвежскага тэлеканалу «TV2».

«Расея прымае актыўны ўдзел у палітычным крызісе ў Беларусі, як праблемны фактар. Яны дапамагаюць Лукашэнку ўтрымліваць уладу, дапамагаюць праводзіць рэпрэсіі. Расея на сёння – частка праблемы, але яна можа стаць часткай рашэння праблемы», – перакананы дарадца Святланы Ціханоўскай Валер Кавалеўскі.

Перамовы не скончыліся падпісаннем нейкіх пагадненняў, але Пуцін заявіў, што дамовіўся аб вяртанні амбасадараў ЗША і Расеі ў Вашынгтон і Маскву.

«Што датычыцца кібербяспекі, мы дамовіліся пачаць кансультацыі на гэты конт… З амерыканскіх крыніцаў вынікае, што найбольшая колькасць кібер-атакаў у свеце ажыццяўляецца з кібер-прасторы ЗША», – заявіў Уладзімір Пуцін на прэс-канферэнцыі пасля саміту.

«Я падняў пытанне магчымасці працаваць на расейскай тэрыторыі радыё «Свабода» і радыё «Свабодная Еўропа», пытанне важнасці свабоды прэсы і свабоды слова. І я даў зразумець Пуціну, што мы не будзем трываць замах на дэмакратычную незалежнасць ці дэстабілізацыю дэмакратычных выбараў, і мы будзем адказваць на гэта… Мы таксама абмеркавалі Беларусь. Ён не выказваў нязгоды з маімі словамі», – распавёў Джо Байдэн.

Больш падрабязна вынікі саміту ЗША – Расея мы падсумуем заўтра ў «Студыі «Белсат» і «Аб’ектыве».

Яраслаў Сцешык, Таццяна Рэут, «Белсат»