Лукашэнка ўзброіць «сваіх» супраць «здраднікаў»


Мабілізаваць і ўзброіць «сваіх» супраць «здраднікаў народу» – загадаў Аляксандр Лукашэнка кіраўнікам усіх райвыканкамаў. Фактычна мясцовыя ўлады маюць сфармаваць узброеныя баявыя структуры, якія будуць падпарадкоўвацца наўпрост вертыкалі ўлады, а не сілавым ведамствам. Гэта ўжо не дыктатура, а султанізм – заявіў палітолаг Андрэй Елісееў… Год народнага адзінства перафарбоўваецца ў колер хакі?

У сітуацыі, падобнай на першыя паслявыбарчыя дні, з аўтаматамі супраць пратэстоўцаў змогуць стаяць не вайскоўцы, а мабілізаваныя ўладамі дружыннікі.

Лукашэнка загадаў кіраўнікам гар- і райвыканкамаў сабраць лаяльных палітычнаму рэжыму асобаў і адпаведна падрыхтаваць. Яны ж – маюць кіраваць гэтымі групоўкамі абаронцаў дзяржавы. Таму, хочаш не хочаш…

«Трэба навучыцца ваяваць, – заявіў Лукашэнка. – Трэба ведаць свае аб’екты, якія вы будзеце ахоўваць. Вам трэба ведаць кожнага чалавека ў твар. Вы маеце ведаць, дзе яны знаходзяцца. Каб не 5-6 месяцаў мы іх адмабілізоўвалі, а калі трэба паднялі па трывозе, і ўсе на месцах – ахоўваюць абʼекты, якія будзе трэба тут ахоўваць».

Рыхтавацца да ўнутранай тэрытарыяльнай абароны Лукашэнка загадаў усім кіраўнікам сваёй вертыкалі. Патлумачыў, што трэба даваць адпор «дзеячам», якія пад уплывам Захаду ішлі на фактычную здраду ўласнаму народу. Палітолаг, эксперт «East Center» Андрэй Елісееў тлумачыць магчымую мэту мілітарызацыі ўлады:

«Калі нават сілавы апарат з нейкай прычыны зойме ўмоўна нейтральную пазіцыю і не будзе такі актыўна прыхільны яму, як раней, то фактычна ствараюцца дружыны, у тым ліку ўзброеныя, на чале з так званымі кіраўнікамі ўлады. Гэта ўсе прызначаныя ім людзі, якія маюць гэтыя групоўкі кантраляваць».

Войску, якое давала Прысягу служыць народу, за ваенныя дзеянні супраць мірнага насельніцтва можа пагражаць трыбунал. Што пагражае чальцам выканаўчай улады за магчымы загад «узняць аўтаматы супраць пратэстоўцаў»?

«Што да Закону і Канстытуцыі, то Лукашэнка сам казаў – «зараз не да гэтага». Тут гаворка вядзецца пра цынічныя інструменты захавання ўлады і ўзмацнення вертыкалі ўлады як аднаго з трох яго асноўных апірышчаў, разам з сілавым апаратам і Крамлём», – акцэнтуе Андрэй Елісееў.

На логіку вайскоўцаў Лукашэнка пераводзіць усе часткі грамадства. Пачынае – са школьнай лаўкі. Менавіта школьнікі і студэнты – ачолілі партызанскі рух прыхільнікаў перамен. Працы ідэолагаў і БРСМ, відаць, аказалася не дастаткова – з 1-га верасня ваенна-патрыятычнае выхаванне ў школах пачнуць выкладаць ваенрукі.

«Увядзенне палітрукоў у школах – гэта частка агульнага трэнду на мілітарызацыю. Спроба стварыць камандную сістэму, у якой дзяржава магла б загадваць, а людзі – падпарадкоўвацца».

Аналітык Вадзім Мажэйка аднак сумняецца, што дзяржава мае адпаведныя кадры на ўвасабленне гэтай мэты.

«У нейкай школе проста дадуць дадатковую нагрузку тым, хто вядзе падрыхтоўку для хлопцаў, у іншых – дадуць настаўнікам – культурніку ці некаму яшчэ. А недзе, магчыма, сапраўды нейкіх адстаўных вайскоўцаў ноймуць».

Частка беларусаў, жыхароў Віцебску, не бачаць праблемы, іншыя ж – насцярожыліся:

«Будзе потым маладзён у войску служыць ці не – справа дзясятая. Але пачатак мае быць (закладзены ў школе – заўв. Belsat)».

«Я міралюбівы чалавек і лічу, што нам ніхто не пагражае. Гэта ўсё надуманае».

«Вось гэтае абʼяднанне з Расеяй, пастаянны ажыятаж вакол таго, што Еўропа – «чорце якая»… Падрыхтоўка да вайны, якую ён паказвае».

Уцягнулі ў гэтую кампанію і Царкву. У Дзень Рэспублікі 3 ліпеня пад час службы святары маюць «заклікаць да супакою ў Беларусі і да таго, каб рашэнні, якія прымаюцца сёння, не вялі да такога жаху, які адбываўся ў 20-ым стагоддзі».

Юлія Цяльпук, «Белсат»